
Як бы ні было добра ў горадзе, але летам дзеці, калі ёсць да каго прыехаць — імкнуцца ў вёску. Часцей за ўсё, на цэлае лета прыязджаюць унукі да бабуль і дзядуль. Тут табе і луг, і рэчка, садавіна і агародніна, свежага сырадою можна піць колькі хочаш. А яшчэ зручнасць у тым, што можна днямі хадзіць па падворку, па вёсцы босаму і ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Нездарма ж, пасля летніх канікул прыязджаюць дзеці ў горад загарэлыя, загартаваныя, з добрым настроем.
Так адбывалася і ў Ядзвігі Аўгусцінаўны Мядзвецкай з вёскі Сталіца (Германавіцкі с/с). Цяпер жанчына на заслужаным адпачынку (працавала ў гаспадарцы — прайшла шлях ад даяркі да галоўнага эканаміста). Рознае ў жыцці здаралася — і радасці, і засмучэнні. Але большага шчасця няма, калі тваю шыю абдымаюць дарагія ўнукі, калі хіляцца да цябе дзеці. А Ядзвіга Аўгусцінаўна, можна сказаць адна паставіла на ногі сына і дачку. Цяпер яны маюць свае сем’і. І вось дачкі Таццяны дзеці, а іх трое — Ангеліна, Мікіта і Яраслаў усё лета не ў Віцебску, дзе яны жывуць, а тут, у вёсцы Сталіца, у бабулі.
Кацярына СОСНА
