Пра мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Ручайскай бібліятэцы нам расказала яе загадчыца Вольга Чаранок

Актуальное

Слова — яно Богам натхнёнае
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства для вучняў 5-7 класаў Гуркаўскай БШ ў Ручайскай бібліятэцы былі арганізаваны літаратуная гадзіна «Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся» і экскурсія.
На літаратурнай гадзіне праслухалі расказ пра гісторыю станаўлення, развіццё, абарону беларускай мовы, пра важную крыніцу спасціжэння мовы — родную літаратуру. Пачулі лепшыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі, тэмай якіх з’яўляюцца беларуская мова, яе важная роля для народа і краіны, гісторыя і сённяшні стан, прыгажосць і славутыя абаронцы.
Францыск Скарына пакінуў нам запавет: «Усякае слова, Богам натхнёнае, карысна! Яно вучыць, выпраўляе нас і карае.» У паэта Сяргея Панізніка ёсць верш пад назвай «Запавет Скарыны», у якіх ён звяртаецца да тых, хто цяпер вучыцца:
Вы маеце Дзяржаву — школьны клас,
А ў ім, нібыта піраміды, парты.
Вы — заўтрашні народ.
Пакажа час, хто тут вучыўся ўдумлівы, упарты.
Калі ў школе вы развееце стагоддзяў дым —
Я вам адкрыю скарбы беларускіх ведаў:
У роднай мове — тайны запаветаў.
Чароўны ключ —
У слове залатым!
У час экскурсіі дзеці больш падрабязна пазнаёміліся з Ручайскай бібліятэкай, яе фондам, даведачна-бібліяграфічным апаратам — каталогамі і картатэкамі, з расстаноўкай на яе паліцах галіновай літаратуры. Уважліва праглядзелі выставы, якія праходзяць у бібліятэцы. тэматычныя папкі, перыядычныя выданні.
Напрыканцы кожны, хто хацеў, выбраў адпаведна са сваімі густамі і інтарэсамі кнігі і часопісы, каб уважліва прачытаць іх дома.
А закончыцца мой расказ пра сустрэчу з родным словам і і яго храмам — бібліятэкай — хочацца радкамі з верша Віктара Шымука «Сказ пра кнігу».
Што такое кнігі? —
Ты спытаў мяне.
Кніга — гэта сцежка
У нашай старане.
Кніга — гэта ранак,
Поле, паплавы.
Кніга — гэта росы
У зелені травы.
Кніга — гэта вёсны
У квецені садоў.
Кніга — гэта ласка,
Першая любоў.
*****************************************

Несці ў свет дабрыню і прыгажосць
Падчас урачыстай лінейкі ў Гуркаўскай базавай школе, прысвечанай дню Ведаў, былі падведзены вынікі летняга чытання і ўручаны дыпломы «За цягу да чытання» маім найбольш актыўным чытачам. Сярод узнагароджаных вучні  Карына Кашненка і Ілля Аксенце (2 клас), Даша Бука, Наташа Рубніковіч і Жэня Баговіч (3 клас), Вольга Грыгор’ева (4 клас), Вераніка Трубіла (5 клас), Дыяна Клакоўская (8 клас).
Пасля лінейкі разма з вучнямі Ленай і Веранікай Трубіламі, Арцёмам і Дыянай Клакоўскімі, Вікай і Жэнем Баговічамі, Карынай і Сняжанай Кашненкамі я правяла інфармацыйны кактэйль «Я жыву, каб несці свету дабрыню і прыгажосць». На ім дзеці чыталі  вершы С. Астроўскага, М. Забалоцкага «Пра прыгажосць чалавечых абліччаў», «Не дазваляй душы ляніцца» і іншыя. Былі прачытаныя ліст «Шляхамі дабрыні» з кнігі Дзмітрыя Ліхачова і твор 14-гадовай дзяўчыны пра тое, як дзеці могуць пабудаваць лепшую будучыню. Усе разам спелі песні «Пра добры настрой», «Мой сябар», «Усмешка», частушкі, у якіх высмейваліся адмоўныя рысы характару, а фінальнай кропкай стала цудоўная песня «Замыкаючы круг». Падрыхтавалі і паказалі сцэнку пра выхаванне дзяцей па японскай сістэме, згодна з якой на малышоў да пяці гадоў нельга сварыцца, а можна толькі хваліць, і ўбачылі, што з гэтага атрымліваецца. Вучаніцы прадставілі свой праект выратавання свету, у выніку былі выбраны такія вечныя каштоўнасці, як жыццё, згода і мір. «Мы звяртаемся да людзей планеты! Хопіць сварыцца, давайце разам усе дружыць. Вы, ён, я, ты — будзем жыццём на гэтай зямлі даражыць…»
А пакінутыя ўдзельнікамі водгукі засведчылі, што мерапрыемства ім спадабалася: «выдатна, супер, пазнаваўча, рэальна крута, вельмі класна».
Мы ўсе можам зрабіць наш свет лепей, так давайце ж несці ў свет дабрыню і прыгажосць… Бо існаванне  асобнага чалавека мае сэнс толькі тады, калі ён дапамагае зрабіць жыццё іншых болей прыгожым і высакародным.

В. Чаранок,
загадчыца Ручайскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *