Ветліва адчыніла нам дзверы Германавіцкай бібліятэкі прыемная, прывабная жанчына. Гаспадыняй гэтага кніжнага царства на працягу 28 гадоў з’яўляецца Ірына Віктараўна Абламава. Жанчына з вышэйшай педагагічнай адукацыяй некалі палюбіла гэту прафесію і застаецца ёй вернай і па сённяшні дзень. Рознае перацярпела бібліятэка, калі туліліся ў цесных, маленькіх памяшканнях. Калі ж Германавічы сталі аграгарадком, то і для бібліятэкі выдзелілі прасторнае, утульнае памяшканне. А яшчэ Ірына Віктараўна ганарыцца, што абнавілі ўсю мэблю, набылі камп’ютар, без якога цяпер, як без рук. Утульнасць стварае сама гаспадыня пакоя — кветкі, з густам аформленыя кніжныя паліцы, выставы, раскладзены часопісы і перыёдыка. На прыметным месцы, прама пры ўваходзе — кніжкі мясцовых пісьменнікаў і паэтаў.
Завялі размову з Ірынай Віктараўнай. У яе 430 чытачоў. Самыя актыўныя Г. І. Катовіч, М. Г. Лаўрыновіч, Я. Ф. Шалуха, А. Б. Касевіч. Дарэчы, на бібліятэку ідуць падпісныя выданні на 37 найменняў газет і часопісаў. Асабліва штодзённымі навінамі цікавяцца Кліменцій Антонавіч Кожан, Ядзвіга Эдуардаўна Арлюкевіч, а Ірына Лагун любіць чытаць на беларускай мове.
Кожную трэцюю сераду месяца бібліятэкар садзіцца на веласіпед і са стосам кніг едзе ў вёску Жукі Ложныя ў дом сацыяльных паслуг. Там, як кажа жанчына, не толькі парадуе людзей кніжнымі навінкамі, а і сама зарадзіцца энергіяй ад іх, наслухаецца розных прыгод і цікавых выпадкаў з жыцця кожнага і самой вёскі. Праз сацыяльных работнікаў даносіцца кніга да тых, хто не ў стане прыйсці ў бібліятэку. Наталля Васільеўна Мацвеева з Дзікева дастаўляе ў сацыяльны прытулак літаратуру і перыёдыку.
Кніга — крыніца ведаў. Так лічаць вучні з 1 па 5 класы, бо менавіта ў такім узросце яе чытаюць. З 7 па 11 класы ўжо чытаюць у асноўным праграмную літаратуру, іх больш цікавіць камп’ютар.
— Цікава працаваць з дзецьмі, — прызнаецца бібліятэкар. — З дапамогай іх і настаўніцы Марыі Аляксандраўны Фёдаравай стварылі пяць буклетаў на тэму “Гісторыя роднага краю”.
Бібліятэка і цэнтр культуры і народнай творчасці працуюць у адным рэчышчы. Усе святы арганізоўваюць разам. Былі сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, адзначаюцца юбілейныя даты. Асабліва, спадабаўся людзям творчы вечар мясцовай паэткі Таццяны Еўдаковай.
Кацярына СОСНА
