Словы падзякі выказвае жыхарка Пастаў Лідзія Паўлаўна Ластоўская шаркаўшчынскім міліцыянерам, якія прыйшлі ёй на дапамогу, калі яна з сынам заблукала ў лесе

Актуальное

Жыццё наша — складанае і шматграннае ў самых розных сваіх праявах. Часам яно прыпадносіць чалавеку нечаканыя сюрпрызы — як прыемныя, так і не вельмі, адорвае радаснымі і шчаслівымі падзеямі. А бывае, што ставіць у зусім непрадбачаныя сітуацыі, дзе без дапамогі іншых людзей, іх спагады і дабрыні, проста немагчыма знайсці выйсце. Менавіта ў такое становішча трапіла жыхарка горада Паставы Лідзія Паўлаўна Ластоўская, якая патэлефанавала  ў рэдакцыю, каб праз газету выказаць словы падзякі нашым землякам за дапамогу і падтрымку. Вось што яна расказала: “У адзін з дзён я прыехала ў ваш раён, у лес, які размешчаны каля Грыблоў, каб назбіраць журавін. У гэтай мясцовасці была не першы раз, аднак так здарылася, што заблукала і засталася на балоце адна. Вельмі разгубілася, калі зразумела, што не ведаю куды ісці. Можаце ўявіць, які ахапіў адчай, стала страшна, што тут і застануся назаўсёды. На шчасце, з сабой быў мабільны тэлефон, сувязь працавала. Патэлефанавала дадому — мужу і сыну. Яны звярнуліся ў Пастаўскую міліцыю, супрацоўнікі якой звязаліся з Шаркаўшчынскім РАУС. Адразу ж мне патэлефанаваў участковы той мясцовасці, дзе я знаходзілася. Супакоіў, даў рэкамендацыі што рабіць, паведаміў, што пошукавая група выязджае. І ўвесь час падтрымліваў са мной сувязь. Стала крыху лягчэй, з’явілася надзея, што ўсё будзе добра. Падтрымлівалі і блізкія, якія таксама выехалі на пошукі. Аднак атрымалася так, што, шукаючы мяне, муж і сын таксама заблукалі, бо было ўжо цёмна. Як даведалася аб гэтым, на душы стала так дрэнна, што не магла ўзяць сябе ў рукі. Крычала так моцна, нібы ў апошні раз. Аднак ніхто не адклікаўся. Тэлефанавала і мужу, і сыну, але выйсці адзін да аднаго мы не маглі. Праз пэўны час мяне пачуў сын. Увесь гэты час нас шукалі супрацоўнікі міліцыі: падавалі сігналы, пускалі ракеты, на якія мы з сынам сталі ісці. Колькі было радасці, калі патэлефанавалі з пошукавай групы і сказалі, што знайшлі мужа. Каб не гэтыя маладыя людзі ў міліцэйскай форме, мы з сынам таксама не выйшлі б самі, тым больш, што была ноч, адзенне прамокла, стала вельмі халодна. Знайшлі нас толькі пасля 23 гадзін. Можаце сабе ўявіць, у якім стане я знаходзілася, якое шчасце ахапіла сэрца пры сустрэчы з гэтымі добрымі, мужнымі мужчынамі. Культурныя, ветлівыя, спагадлівыя, — яны зрабілі ўсё магчымае, каб абагрэць нас, супакоіць, дапамагчы перанесці такі вялікі стрэс, які давялося перажыць. Да таго ж, яны яшчэ і надта дасціпныя — ніхто не назваў свае імёны і прозвішчы.
У гэтай сувязі хачу сказаць вось аб чым: мы часта наракаем на міліцыю па той ці іншай прычыне і, на жаль, вельмі рэдка бачым і ацэньваем тое станоўчае і неабходнае, што яна робіць для нас як у экстрэмальных сітуацыях, так і ў паўсядзённым жыцці.  Для мяне шаркаўшчынскія міліцыянеры сталі як родныя сыны, бо, магу сказаць без перабольшвання, выратавалі тры чалавечыя жыцці. Вялікая ўдзячнасць ім за гэта, моцнага здароўя, шчасця і ўсяго самага-самага добрага ў жыцці!”
Напрыканцы свайго тэлефанавання Лідзія Паўлаўна выказала просьбу даведацца прозвішчы яе выратавальнікаў і абавязкова надрукаваць іх. Рэдакцыя звярнулася ў Шаркаўшчынскі РАУС, дзе паведамілі нам імёны супрацоўнікаў міліцыі, якія аказалі жанчыне дапамогу. З задавальненнем называем іх прозвішчы — старшы ўчастковы інспектар Іван Іосіфавіч Пачкоўскі, Андрэй Мікалаевіч Нікалаеў, Валерый Іосіфавіч Мішута, Дзмітрый Міхайлавіч Чапулёнак, Уладзімір Іванавіч Талапіла.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *