Каляндарная зіма сёлета пачынаецца з марозікаў, якіх дастаткова, каб невялікія вадаёмы пакрыліся першым лёдам. У сувязі з гэтым актуальнай становіцца прафілактыка няшчасных выпадкаў на вадаёмах.
Старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Уладзімір Валер’евіч Катовіч паведаміў, што 23 лістапада Шаркаўшчынскі раённы выканаўчы камітэт прыняў распараджэнне №292р “Аб забароне выхаду на лёд”. Згодна з ім забараняецца выхад на лёд падчас ледаставу, пакуль таўшчыня лёду не дасягне 7 сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага раставання і разбурэння лёду. Сельскім выканаўчым камітэтам, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама даручана весці прафілактычную работу з насельніцтвам. Шаркаўшчынскія РАНС і РАУС, раённае таварыства выратавання на вадзе павінны арганізаваць правядзенне рэйдаў і прафілактычных мерапрыемстваў па недапушчэнні выхаду грамадзян на лёд у перыяд ледаставу і раставання лёду.
Андрэй БУРЭЦ.
