
Віцебскае аддзяленне Беларускага саюза пісьменнікаў прадстаўлялі Барыс Бележэнка, Канстанцін Нілаў, Сяргей Новікаў, Ігар Пракаповіч, Уладзімір Сауліч, Сяргей і Галіна Трафімавы. Як вядома, у наступным годзе сталіцай беларускага пісьменства стане Глыбокае, таму ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці былі яшчэ спецыялісты ўпраўлення культуры і ідэалагічнай работы аблвыканкама. З Глыбокага таксама для ўдзелу ў святкаванні Дня пісьменства ў Ганцавічах, прыехалі пісьменнікі і адпаведныя спецыялісты разам са старшынёй райвыканкама Алегам Віктаравічам Морхатам.
Можа таму, што ехалі мы з паўночнага раёна ў накірунку на паўдзень, было цёпла,сонечна і нават горача. Здавалася, што на момант зноў вярнулася да нас лета.
Каб трапіць у Ганцавічы давялося праехаць большую палову Віцебскай, Мінскай і пэўную частку тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Мяне, як работніка, звязанага з сельскай гаспадаркай, цікавіла што і як расце ў суседзяў на роднай зямліцы. Прыемна ўразілі вялікія плошчы пасеваў кукурузы. Толькі чамусьці нідзе яе не ўбіралі на кармы. Яна ж цяпер мае максімальную пажыўную каштоўнасць. Відаць, паўднёвыя раёны спеляць пачаткі на зерне.
— Будзем з цукрам, — гаварылі пасажыры нашага аўтобуса, гледзячы ў вокны, калі праязджалі па Слуцкай зямлі. Куды не кінь вокам, паўсюдна зялёным дываном рассцілаліся пасевы цукровых буракоў. Дыміліся трубы цукровага завода, віднеліся адходы пасля перапрацоўкі прадукцыі.
Славіцца сваімі запасамі ўгнаення Салігорск. Сапраўды назва горада адпавядае яго галоўнай мэце. Вялізныя горы солі, выдадзеныя на паверхню (аб чым сведчаць залежы адходаў), калійных угнаенняў. “Вось што ўдобрывае нашы палі”, — падумалася.

За размовай так і не заўважылі, як прыехалі ў Ганцавічы. Прыгожыя, адноўленыя, з такімі яркімі фарбамі ад кветак, якія паўсюдна буялі, і ад вышывак ручнікоў і падушак мясцовымі майстрыцамі, адзення, у якім яны былі апранутыя — бялюткія-бялюткія строі з цудоўнымі вышытымі кветкамі.
— У нас свой, не падобны на іншыя строі, — гаварылі пра сваё майстэрства маларыцкія майстрыцы. — Мы для ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці вышылі 200 сукенак.
Горад перапоўнілі творчыя людзі рэспублікі.
Роўна ў 12 гадзін пачалася галоўная падзея. Свята адкрыў намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Анатоль Тозік. Ён агучыў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Павіншаваў прысутных са святам старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Прамова старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра гучала на чыстай беларускай мове. Епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан таксама прывітаў удзельнікаў і гасцей свята на роднай мове.
Прыехалі ў Ганцавічы майстры слова з Сербіі, Украіны, Чарнагорыі, Расіі.
У рамках Дня беларускага пісьменства адбылося шмат цікавых і разнастайных падзей: узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, фестываль кнігі і прэсы, была адкрыта Алея пісьменства, якую ўпрыгожыў памятны знак — скульптура ў выглядзе ліста паперы і пяра.
Цікавымі былі выступленні міністра культуры краіны Паўла Латушкі і міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага.
Адметна яшчэ тое, што быў урачыста адкрыты помнік маладому Якубу Коласу, які ў 20-гадовым узросце працаваў настаўнікам у вёсцы Люсіна гэтага ж раёна.
Пасля асноўных урачыстасцей у гарадскім парку сабраліся шматлікія прыхільнікі мастацкага слова, каб паслухаць пранікнёныя вершы, песні ў выкананні іх аўтараў.
Шырока разгарнулі і забаўлялі гасцей і ўдзельнікаў свята розныя выставы, кірмаш сельскіх падворкаў, Горад майстроў і многае іншае.
Людзі сядзелі за столікамі, якімі была застаўлена ўся цэнтральная вуліца, весяліліся, смяяліся, размаўлялі, гралі музыкі, некаторыя танцавалі.
На сэрцы была ўтульнасць, а ў думках — узрушанасць. Можам жа мы быць культурнымі і тактоўнымі. Дастаткова толькі ўсведамляць у сабе “Любі, шануй свой родны край, каб звацца Беларусам!”
Кацярына СОСНА,
удзельніца Віцебскай дэлегацыі

фотарэпартаж са Дня беларускага пісьменства — http://www.gants-region.info/photo/gorad_gancavichy/dzen_belaruskaga_pismenstva/2