Сёлета Лужкаўская ўчастковая бальніца адзначае юбілей

Актуальное

Медыкі Лужкаўскай участковай бальніцы Н. А. Свяцкая, А. І. Алексіна, А. А. Хаданёнак і М. Р. Якубёнак з галоўным урачом ЦРБ С. Т. Стомам і яго намеснікам М. В. Манкевічам
Медыкі Лужкаўскай участковай бальніцы Н. А. Свяцкая, А. І. Алексіна, А. А. Хаданёнак і М. Р. Якубёнак з галоўным урачом ЦРБ С. Т. Стомам і яго намеснікам М. В. Манкевічам

2015 год — юбілейны для Лужкаўскай участковай бальніцы: чвэрць стагоддзя таму назад яна была пераведзена ў новы будынак, у які жыхары аграгарадка Лужкі і бліжэйшых навакольных вёсак і сёння звяртаюцца, каб атрымаць медыцынскую дапамогу. А 10 гадоў таму ўпершыню адчыніла свае дзверы Лужкаўская бальніца сястрынскага догляду.
Сучасная Лужкаўская ўчастковая бальніца ўзначальвае комплекс устаноў, што ўваходзяць у так званы сельскі ўрачэбны ўчастак (участковую бальніцу, урачэбную амбулаторыю, бальніцу сястрынскага догляду, фельчарска-акушэрскія пункты). У бальніцы насычаная падзеямі біяграфія, у якой былі і ўзлёты, і складаныя гады. І, безумоўна, шмат добрых слоў у свой адрас заслугоўваюць людзі, якія там працавалі і працуюць па сённяшні дзень.
Асабліва шчырыя словы ўдзячнасці ад вялікай колькасці пацыентаў і сёння гучаць у адрас былога кіраўніка Лужкаўскай участковай бальніцы, выдатніцы аховы здароўя Тамары Ціханаўны Захарэвіч, якая на працягу 40 гадоў узначальвала калектыў лужкаўскіх медыкаў. Гэту цудоўную жанчыну, выдатнага прафесіянала і ўрача з вялікай літары (як сказалі пра яе калегі) заўсёды рады бачыць у медыцынскай установе, з якой звязана ўсё яе жыццё.
Заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод аднасяльчан карыстаецца ўрач агульнай практыкі з 36-гадовым стажам Антаніна Іванаўна Алексіна, якая з’яўляецца загадчыцай Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду. Дзякуючы кампетэнтнасці і прафесіяналізму гэтай жанчыны таксама шмат было зроблена для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання на сяле.
На працягу ўсёй гісторыі Лужкаўскай бальніцы і ў цяперашні час вялікая роль адводзіцца сярэдняму медыцынскаму персаналу, які па праву называюць апорай аховы здароўя. 32 гады вернай сваёй бальніцы застаецца незамянімы ў калектыве чалавек медыцынская сястра Лёля Антонаўна Грыцкевіч, на працягу трох дзясяткаў гадоў яна была старэйшай медыцынскай сястрой.
Звыш 30 гадоў адпрацавалі ў калектыве медыцынскія сёстры Людміла Іванаўна Сядлоўская, Алена Пятроўна Нарэйка і Ірына Антонаўна Ляўшыцкая — надзейныя і адказныя супрацоўнікі, якія таксама заслугоўваюць самых лепшых слоў у свой адрас.
25 гадоў жыцця прысвяцілі нялёгкай працы ў службе хуткай медыцынскай дапамогі вопытныя фельчары — Наталля Іванаўна Жынгель і Іна Станіславаўна Хахлун.
Вялікай павагай у калектыве карыстаюцца таксама медыцынская сястра Лена Мікалаеўна Табола, медсястра па харчаванні Марыя Алегаўна Ласоўская, повар Лія Арсенцьеўна Цярэшчанка, лабарант Валянціна Вітальеўна Жалейка, санітарка Жанна Бенядзіктаўна Кудраўцава, агульны стаж работы якіх таксама набліжаецца да трох дзясяткаў гадоў.
З 1992 года і па сённяшні дзень працуе акушэркай Марына Расціславаўна Якубёнак — адказная і вопытная жанчына, якая прысвяціла сваё жыццё ахове здароўя жанчын. Сапраўдным прыкладам высокага прафесіяналізму, працавітасці, чалавечнасці і вернасці абранай прафесіі з’яўляюцца і многія іншыя супрацоўнікі Лужкаўскай участковай бальніцы — вопытны, дружны і зладжаны калектыў медыкаў, якіх мы ад усёй душы віншуем з юбілеем іх медыцынскай установы.
Сёння Лужкаўская бальніца — адна з вядучых лячэбных устаноў у структуры цэнтральнай раённай бальніцы. Як ужо было сказана, там працуюць людзі, адданыя сваёй справе, прафесіянальна падрыхтаваныя, клапатлівыя і ўважлівыя, гатовыя заўсёды адгукнуцца на чужы боль і прыйсці на дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. Медыцынскія работнікі бальніцы ў адпаведнасці з планам праводзяць вялікую работу па імунізацыі дарослых і дзяцей, значную ўвагу надаюць родадапамозе, дабіваючыся, каб цяжарныя жанчыны знаходзіліся пад медыцынскім наглядам з самых ранніх тэрмінаў цяжарнасці. Патранажныя медыцынскія сёстры пастаянна наглядаюць за развіццём і здароўем наванароджаных.
Урачы ўчастковай бальніцы згодна з графікам пастаянна наведваюць фельчарска-акушэрскія пункты, кансультуюць хворых, аказваюць метадычную дапамогу фельчару.
Участковая бальніца мае свой стацыянар і амбулаторыю, у якой рэгулярна праходзяць медыцынскія агляды работнікі КУВСП “Гарадзец”. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца асобам, якія па роду сваёй дзейнасці сутыкаюцца з ядахімікатамі. Пры выяўленні хворых ставяць на дыспансэрны ўлік.
Пераважнай большасці пажылых людзей патрэбна не столькі медыцынская дапамога, колькі кваліфікаваны догляд. Менавіта гэту праблему на працягу апошніх 10 гадоў паспяхова вырашае Лужкаўская бальніца сястрынскага догляду.
Аддзяленне сястрынскага догляду прымае на часовае знаходжанне пажылых, састарэлых і ляжачых пацыентаў, якія не здольны сябе абслугоўваць і патрабуюць пастаяннай прафесіянальнай сястрынскай дапамогі. У аддзяленні створаны герыятрычныя ложкі для абследавання і лячэння пацыентаў пажылога і састарэлага ўзросту з выкарыстаннем дыягнастычных магчымасцяў бальніцы. Аддзяленне прадастаўляе кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і прафесіянальны догляд хворым з познімі стадыямі анкалагічных захворванняў.
Адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя цэнтральнай раённай бальніцы робяць усё магчымае, каб палепшыць матэрыяльна-тэхнічную аснашчанасць Лужкаўскай участковай бальніцы. Так, напачатку лістапада бальніцу наведалі прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы пад кіраўніцтвам галоўнага ўрача С. Т. Стомы. Станіслаў Тадэвушавіч павіншаваў лужкаўскіх медыкаў з 25-гадовым юбілеем установы аховы здароўя і ўручыў ім ад адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта грашовую прэмію. Шмат шчырых слоў удзячнасці прагучала ў гэты дзень у адрас дружнага калектыву ўчастковай бальніцы, бальніцы сястрынскага догляду, урачэбнай амбулаторыі.
З юбілеем вас, медыкі Лужкаўскай участковай бальніцы. Усе вашы пацыенты, якім вы дапамаглі і працягваеце дапамагаць, ад усёй душы жадаюць вам поспехаў у працы, здароўя і асабістага шчасця.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
Даведка:
Гісторыя Лужкаўскай бальніцы пачынаецца з 1932 года, калі ў вёсцы Лужкі адкрыў прыватную практыку доктар Усевалад Шырын, у 1937 годзе была адчынена бальніца на 100 месцаў. З 1965 па 2005 год узначальвала ўчастковую бальніцу Тамара Ціханаўна Захарэвіч, падчас кіраўніцтва якой у 1990 годзе медыцынская ўстанова пераехала ў новы будынак.

Медыцынскі агляд праводзіць фельчар бальніцы сястрынскага догляду Людміла Пятроўна Чарная;
Медыцынскі агляд праводзіць фельчар бальніцы сястрынскага догляду Людміла Пятроўна Чарная;
Лужкаўская ўчастковая бальніца
Лужкаўская ўчастковая бальніца
Віншаванні ад сваіх калег прымае малады спецыяліст Наталля Алегаўна Свяцкая, якая з гэтага года працуе ўчастковым тэрапеўтам Лужкаўскай участковай бальніцы
Віншаванні ад сваіх калег прымае малады спецыяліст Наталля Алегаўна Свяцкая, якая з гэтага года працуе ўчастковым тэрапеўтам Лужкаўскай участковай бальніцы


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *