Значная колькасць дзяцей, пераважна дашкольнага ўзросту, кожны год становіцца ахвярамі пажараў і апёкаў, дарожна-транспартных здарэнняў, няшчасных выпадкаў на вадзе, атручванняў, падзенняў з вышыні, шэрагу іншых непрадбачаных сітуацый. Вельмі часта гэта здараецца па прычыне недастатковага нагляду за сваімі дзецьмі з боку дарослых. І на тэрыторыі нашага раёна, на жаль, яшчэ зусім не выключэннем з’яўляюцца выпадкі, калі маленькіх дзяцей пакідаюць у доме адных.Між тым як адсутнасць бацькоў дома па-ранейшаму застаецца асноўным фактарам дзіцячай гібелі і траўматызму. З мэтай ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту і аказання своечасовай дапамогі дзецям, якія пражываюць у такіх сем’ях, 25 лістапада на базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 адбыўся вучэбна-метадычны семінар па пытаннях выканання заканадаўства ў адносінах да непаўналетніх. Прафілактыка падлеткавай злачыннасці і правапарушэнняў – таксама ў гэты дзень была ў цэнтры ўвагі.
У рабоце семінара прынялі ўдзел намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марыя Пратасьеўна Фёдарава, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч, памочнік пракурора раёна Аляксандр Паўлавіч Свяцкі, старшы участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іван Іосіфавіч Пачкоўскі, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мікалаеўна Рымдзёнак, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі школ нашага раёна, участковыя інспектары і інспектары па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў.
Напачатку мерапрыемства прысутным быў прадэманстраваны фільм “Цана імгнення”, створаны па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РБ. Фільм, які начальнік Шаркаўшчынскага РАНС А. М. Федуковіч прапанаваў для прагляду бацькам у час правядзення бацькоўскіх сходаў у школах, наглядна паказвае, як па розных прычынах гінуць дзеці, пакінутыя на непрацяглы час без нагляду дарослых. У час свайго выступлення Андрэй Мечыслававіч акцэнтаваў увагу на тым, што даволі частай прычынай узнікнення пажараў з’яўляюцца дзіцячыя гульні з запалкамі і агнём.А таму асабліва пільнай увагі патрабуюць дзеці-дашкольнікі, якія яшчэ не могуць несці адказнасці за свае ўчынкі.Начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадаў прысутным, што пераважная большасць пажараў здараецца менавіта ў халодны перыяд года, а значыць пры абследванні ўмоў пражывання дзяцей неабходна таксама звяртаць увагу на спраўнасць ацяпляльных прыбораў і печаў, стан электраправодкі.
Асноўная частка семінара была прысвечана арганізацыі работы з сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Па гэтаму пытанню выступілі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марыя Пратасьеўна Фёдарава і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мікалаеўна Рымдзёнак. Аператыўную абстаноўку аб злачынствах і правапарушэннях, здзейсненых на тэрыторыі нашага раёна з удзелам непаўналетніх, прысутным нагадаў старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іван Іосіфавіч Пачкоўскі.
У раёне сфарміраваны банк дадзеных нядобранадзейных сем’яў. Іх колькасць увесь час змяняецца: адны сем’і па розных прычынах здымаюцца з уліку, зноў выяўленыя – трапляюць на ўлік. Так па стане на 1 лістапада 74 дзіцяці з 39 сем’яў знаходзяцца на ўліку, як пражываючыя ў сацыяльна небяспечным становішчы. З іх 29 дашкольнікаў, 43 школьнікі і 1 працуючы. Асаблівая ўвага удзяляецца сем’ям , у якіх выхоўваюцца дзеці-дашкольнікі. Асноўным метадам работы з сем’ямі ў сацыяльна небяспечным становішчы па-ранейшаму застаецца арганізацыя і правядзенне рэйдаў, мэта якіх — ранняе выяўленне сем’яў, дзе бацькі неналежным чынам выконваюць свае абавязкі ў адносінах да непаўналетніх дзяцей. У час такіх рэйдаў і праводзіцца абследванне ўмоў пражывання і выхавання. Асаблівая ўвага ў час работы семінара надавалася так званым “праблемным” сем’ям , у якіх дзеці працяглы час знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і сітуацыя ў лепшы бок не змяняецца. Было адзначана, што ў прафілактычнай рабоце з такімі сем’ямі неабходна актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых органаў і службаў. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць станоўчых вынікаў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.