Гаспадары лесу. Чытайце наш расказ пра паездку ў лясныя нетры і гутарку з ляснічым Іёдскага лясніцтва Віктарам Баговічам

Актуальное

на лесапрасецы працавалі леснікі Сяргей Чарняўскі, Уладзімір Свікліс і Валерый Вайцяховіч

18 верасня сваё прафесійнае свята святкуюць работнікі лесу. Можна сказаць, што няпростая і важная праца людзей гэтай прафесіі  часта застаецца ў цені. І дарма, бо дзякуючы іх рабоце забяспечваюцца патрабаванні насельніцтва ў паліве, пастаўляецца дзелавая драўніна на ўнутраныя патрэбы, на экспарт. На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна дзейнічаюць чатыры лясніцтвы: Германавіцкае, Лужкаўскае (яны адносяцца да «Дзісненскага лясгаса»), Полаўскае (Пастаўскі лясгас) і Іёдскае лясніцтва, якое ўваходзіць у склад «Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». Пра работу апошняга мы і раскажам у дадзеным матэрыяле.
Адшукаць кагосьці з прадстаўнікоў лясніцтва ў разгар рабочага дня ў саміх Іёдах аказалася немагчыма, вядома, прафесія леснікоў не адносіцца да ліку кабінетных. Шукаць іх трэба непасрэдна на рабочым месцы — у лесе. Таму, папярэдне патэлефанаваўшы, мы накіроўваемся да вёскі Буды Дальнія, перад паваротам на якую нас і  чакае ляснічы Іёдскага лясніцтва Віктар Міхайлавіч Баговіч. Тут даводзіцца перасесці на яго транспарт — усюдыходны паўнапрывадны ГАЗ-53 і зведаць усе радасці язды па палявой

ляснік-трактарыст Валерый Міхалёнак

трасе, якая без праблем падыйшла б да папулярных гонак па бездарожжы. Па дарозе нам сустракаецца трактар з нагружанымі на спецыяльны прычэп з гідраманіпулятарам бярвёнамі. За рулём трактара вопытны работнік гаспадаркі Валерый Георгіевіч Міхалёнак. Размаўляць з намі яму няма калі, за дзень у сярэднім трэба вывезці 30 кубаметраў, так што нават на тое, каб паабедаць, бывае не хапае часу. Добра пратросшыся, мы ўсё ж трапляем у лясныя нетры, дзе леснікі Сяргей Чарняўскі, Уладзімір Свікліс і Валерый Вайцяховіч займаюцца непасрэднай нарыхтоўкай драўніны. Лесапрасека прасціраецца на некалькі дзясяткаў метраў. Паўсюдна ляжаць нарэзаныя бярвёны: лепшае пойдзе на дзелавую драўніну, горшае — на дровы. Гэтым восеньскім днём у лесе надзвычай хораша і прыгожа. Але так бывае не заўсёды. Як кажуць, для лесніка няма добрага надвор’я: летам — спякотна і не даюць спакою камары і мошкі, зімой — халодна і перашкаджае снег, восенню і вясною настрой псуюць дрэнныя дарогі. Ды і няма калі леснікам  любавацца прыродай, ім трэба працаваць. Як мы ўжо казалі, у іх ёсць свая цвёрдая норма, якую трэба выканаць. Таму гудзе бензапіла, падаюць долу зрэзаныя дрэвы, распільваюцца ствалы, пасля чаго драўніна грузіцца і вывозіцца. Карацей, робіцца тая няпростая будзёная работа, якая потым пры гадавым разліку сплюсуецца ў кубаметры нарыхтаванай драўніны.

*********************************************

Мы скарысталі магчымасць і падрабязна пагутарылі пра дзейнасць лясніцтва з яго ляснічым Віктарам Міхайлавічам Баговічам. Інтэрв’ю прапануем вашай увазе.
— Віктар Міхайлавіч, колькі лесу замацавана за вашым лясніцтвам?

ляснічы Іёдскага лясніцтва Віктар Баговіч

— Да нашага лясніцтва адносяцца 13 000 гектараў пакрытых лесам зямель як у Шаркаўшчынскім, так і Браслаўскім раёнах. Трэба сказаць, што ў асноўным нашы лясы знаходзяцца на забалочаных цяжкадаступных участках з дрэннымі пад’язнымі дарогамі. Таму большую частку нарыхтоўваем у зімні перыяд, ці вядзём работы летам, а тады чакаем зімы, робім пад’язныя шляхі і вывозім. Даведзеныя нам планы па нарыхтоўцы выконваем заўсёды. Проста ў залежнасці ад умоў надвор’я гэта суправаджаецца большымі ці меншымі складанасцямі.
— Адна з важных задач лясніцтва забяспечыць палівам насельніцтва. Як спраўляецеся з гэтым абавязкам?
— Усе пытанні ў гэтым плане мы па-магчымасці стараемся адразу рашаць, і вялікіх чэргаў на лясное паліва ў нас няма. Прадастаўляем насельніцтву драўніну як для саманарыхтоўкі, так і ў гатовым выгляде. Зразумела, што апошняя ў першую чаргу выдзяляецца інвалідам, пенсіянерам, тым, хто сапраўды не можа нарыхтаваць дроў самастойна. Таксама забяспечаваем палівам арганізацыі, школы, магазіны, сельскія клубы. Таксама выдзяляем насельніцтву і дзелавую драўніну.
— Тэрыторыя лясніцтва вялікая, як у вас размеркавана праца?
— Калектыў у нас падзелены на брыгады, якія вядуць работу на розных участках. Мы цяпер знаходзімся на лесапрасецы за вёскай Буды Дальнія, таксама на дадзены момант працуюць брыгады на ўчастках каля вёсак Мількі і Ахрэмаўцы. Трэба сказаць, што вось ужо на працягу паўтара месяцаў ад нашага лясніцтва працуе брыгада ў Белавежскай пушчы.
— Што можаце сказаць пра свой калектыў?
— Іёдскае лясніцтва — гэта 19 леснікоў, 4 майстры лесу, 1 памочнік, бухгалтар і ляснічы. Калектыў наш працуе зладжана. Ёсць і моладзь, ёсць работнікі, якія прысвяцілі лясной справе 10-20 гадоў, прывыклі да асаблівасцяў такой работы, працуюць надзейна. Гэта Алёйза Іванавіч Матрунёнак, Сяргей Іпалітавіч Касцюкевіч, Валерый Георгіевіч Міхалёнак, Пётр Андрэевіч Кандрацьеў, Іван Вацлававіч Сцілба, Пётр Вацлававіч Сцілба.
— Клопат лесніка не толькі ў тым, каб нарыхтаваць драўніну, але і ў тым, каб вырасціць лес.
— Канешне, усе высечкі ў нас ідуць строга з планам. На іх месцы высаджваем яліну, сасну, у будучым яна стане элітнай дзелавой драўнінай. Трэба сказаць, што ў пасадцы саджанцаў дапамогу аказваюць школьнікі.
— Віктар Міхайлавіч, напрыканцы дазвольце задаць пытанне крыху не па тэме. Вы вось пастаянна знаходзіцеся ў лесе і можаце сказаць, як сёлета грыбы?
— Шмат груздоў, астатніх пакуль не дужа, і асаблівасць у тым, што растуць цяпер грыбы не столькі ў самім лесе, колькі па кустарніках.
— Некалькі слоў з нагоды надыходзячага прафесійнага свята.
— Віншую ўсіх сваіх калег, жадаю ўсяго налепшага, моцнага здароўя, поспехаў у працы, у жыцці, дабрабыту ў сям’і.
—    Дзякуй за гутарку.
Матэрыял падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *