Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 27-28 лістапада знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі. У ходзе візіту адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка азербайджанскай дзяржавы ў вузкім і пашыраным складах, а таксама падпісанне міжнародных дакументаў.
Ільхам Аліеў усклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску, наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Высокі госць пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.
Азербайджан заўсёды можа разлічваць на Беларусь — Лукашэнка
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
«Мы помнім, калі ў цяжкі час вы падставілі нам плячо, не аглядваючыся прытым. І калі-небудзь можна ў нюансах гэта ўсё расказаць, як можна вырашаць пытанні дружалюбна на працягу некалькіх дзён, у тым ліку і з вялікімі фінансамі», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Мы заўсёды былі абавязковымі людзьмі. Вы ў гэтым яшчэ раз пераканаліся, — дадаў ён. — Але тым не менш я вам вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу, асабліва ў цяжкі час».
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Азербайджану і народу гэтай краіны, каб пры ўсіх нягодах ён быў на вышыні і пераадолеў усялякія цяжкасці, калі ён з імі сутыкнецца. «І ведайце, што тут у вас ёсць сябры», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў бакоў усталявалася практыка штогадовага абмену візітамі на вышэйшым узроўні.
«Калі мы ўзяліся цесна за беларуска-азербайджанскія адносіны, у нас і тавараабарот пайшоў, зніклі ўсялякія праблемныя палітычныя пытанні, у нас у асабістых адносінах — дай бог, каб у мяне былі з кожным кіраўніком такія адносіны, — адзначыў беларускі лідар. — Мы настроены, і дамовіліся ў свой час, на максімум».
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у цяжкі час у плане эканомікі дзве краіны захоўваюць тавараабарот на ранейшым узроўні, хоць з іншымі дзяржавамі адбыўся значны спад у гандлі.
«Мы зрабілі вялікі задзел, стварылі добры фундамент для нашых адносін», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Ільхаму Аліеву за ўсё тое, што азербайджанскі бок робіць для дзвюх краін, за супрацоўніцтва, якое падтрымліваецца ва ўсіх сферах. «У гэты няпросты для ўсяго свету, напэўна, а для нас тым больш, час рады вітаць вас у Беларусі. Мне вельмі прыемна, калі вы прыязджаейце, наш аднадумца, мой вялікі сябар, у Беларусі гэта ведаюць, сябар наогул беларускага народа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Азербайджана абсалютна няма ніякіх насцярожанасцей і закрытых тэм. «Мы з вамі супрацоўнічаем як у Беларусі вобласць з вобласцю. Вось такі ўзровень супрацоўніцтва, — адзначыў беларускі лідар. — Калі некаму не падабаецца, гэта іх праблемы. У нас забароненых тэм няма».
«Таму вы можаце заўсёды разлічваць на Беларусь», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аліеў бачыць пазітыўную дынаміку па ўсіх напрамках супрацоўніцтва з Беларуссю
Аб гэтым 28 лістапада на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік азербайджанскай дзяржавы Ільхам Аліеў.
«У нас няма ніякіх абмежаванняў па пытаннях супрацоўніцтва з Беларуссю. Па ўсіх напрамках мы бачым вельмі пазітыўную дынаміку і вынікі», — сказаў Ільхам Аліеў.
Ён адзначыў, што Беларусь на шляху бурнага эканамічнага росту, у краіне актыўна вырашаюцца пытанні сацыяльнага дабрабыту.
«Час цяпер няпросты ні для адной краіны, але тым не менш Беларусь захоўвае пазітыўную дынаміку развіцця, забяспечваецца грамадска-палітычная стабільнасць. Усе мы перажываем эканамічны крызіс, тым не менш Беларусь — адна з тых краін, якая найменш падпала пад уздзеянне гэтай з’явы», — канстатаваў Прэзідэнт Азербайджана.
Адносіны дзвюх краін грунтуюцца на трывалай дружбе, выпрабаванай гадамі.
За апошнія гады зроблена некалькі афіцыйных візітаў кіраўнікоў дзяржаў, кіраўнікоў структур. Прэзідэнт Азербайджана падкрэсліў, што будзе вельмі рады ў наступным годзе зноў прымаць з афіцыйным візітам Аляксандра Лукашэнку. «Кожны візіт — гэта яшчэ адно палітычнае пацвярджэнне стратэгічнага характару нашых адносін. Вельмі шмат пытанняў, якія мы вырашаем па ўсіх напрамках у палітычнай сферы, сферы знешняй палітыкі, эканоміцы, прамысловасці», — сказаў Ільхам Аліеў.
Ад імя азербайджанскага народа ён пажадаў Беларусі новых дасягненняў. «І мы як сябры заўсёды будзем побач, заўсёды будзем радавацца вашым поспехам», — паабяцаў Прэзідэнт Азербайджана.
Беларусь прапануе Азербайджану пастаўкі аўтобусаў і паяздоў
З такой прапановай звярнуўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка да свайго азербайджанскага калегі Ільхама Аліева на перагаворах у пашыраным складзе.
Прэзідэнт Беларусі не без гордасці адзначыў высокую выніковасць сумеснага з Азербайджанам праекта па зборцы беларускіх трактароў МТЗ, тэхнікі МАЗ і МЗКЦ на Гянджынскім аўтамабільным заводзе. З 2007 года на яго плошчах сабрана больш як 6 тыс. трактароў «Беларус» і амаль 3 тыс. аўтамабіляў і прычэпаў.
На думку беларускага лідара, нямала магчымасцей для пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння і ў іншых сферах. Так, беларускі бок можа прапанаваць недарагія, але надзейныя аўтобусы МАЗ малога і сярэдняга класа для ўдасканалення транспартных зносін, а таксама чыгуначныя пасажырскія паязды, што выпускаюцца сумесна са швейцарскай кампаніяй «Штадлер». Для гарадскіх перавозак — камфартабельныя аўтобусы на экалагічных газагенератарных рухавіках, зборку якіх можна наладзіць у Азербайджане.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускі ўдзел будзе карысным і ў далейшым удасканаленні транспартнай інфраструктуры Азербайджана. Напрыклад, у праектаванні ліній і пастаўцы абсталявання для арганізацыі руху скораснага гарадскога рэйкавага транспарту паміж цэнтрам Баку і яго прыгарадамі. У тым ліку ў забеспячэнні дадатковых камфортных умоў зносін з аэрапортам імя Гейдара Аліева.
Лукашэнка прапануе Аліеву абмеркаваць новыя ідэі і напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву з улікам крызісных з’яў у сусветнай эканоміцы акцэнтаваць увагу на новых ідэях і напрамках узаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што ў цяперашняй няпростай абстаноўцы Беларусь і Азербайджан не дапусцілі прыкметнага зніжэння ўзаемнага тавараабароту.
«Тым не менш час патрабуе ад нас хуткіх, эфектыўных рашэнняў для нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку і на рынках трэціх краін», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў таксама разгледзець з удзелам дзелавых колаў Азербайджана кааператыўныя магчымасці ў галіне нафтахіміі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што істотныя рэзервы ёсць у развіцці сустрэчных паставак тытуню і цыгарэт. Паводле яго слоў, такія адносіны трэба ствараць на доўгатэрміновай аснове.
На думку беларускага лідара, асаблівую актуальнасць у сучасным свеце мае сфера інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі. Ён лічыць неабходным прадаўжаць працаваць над пошукам сумесных праектаў у гэтай галіне.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэта сустрэча на вышэйшым узроўні надасць дадатковы імпульс працэсу развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, напоўніць яго новым канкрэтным зместам.
«Азербайджан быў і застаецца надзейным сябрам і партнёрам Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню вашых інтарэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, калі вам гэта будзе выгадна».
Лукашэнка і Аліеў дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ад ВПК да нафтахіміі
«Сэнс адзін: няма нічога закрытага. Мы абсалютна адкрыты для сваіх сяброў з Азербайджана», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбныя, брацкія адносіны дзвюх краін. «І толькі Ільхам Аліеў ведае, колькі нам трэба было часу і працы, каб выбудаваць гэтыя адносіны. І страціць мы іх не можам», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Свет звар’яцеў. Вы бачыце, што адбываецца. І ў гэтым бурным, непрадказальным свеце нам сёння жыць, дакладней нават выжываць, і мы павінны трымацца адзін аднаго для таго, каб процістаяць тым пагрозам, якія сёння існуюць у свеце», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў Ільхаму Аліеву, што ён у гэты складаны час стрымаў сваё слова і наведаў з візітам Беларусь. «І нам ёсць аб чым пагаварыць», — дадаў ён.
Аліеў: стабільнасць Беларусі — галоўны паказчык яе поспеху
Аб гэтым на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік азербайджанскай дзяржавы Ільхам Іліеў.
«Грамадска-палітычная стабільнасць, якая існуе ў Беларусі, — гэта галоўны паказчык поспеху і таксама галоўны залог, што гэты поспех будзе прадоўжаны. Мы як сябры гэтаму вельмі рады», — сказаў Ільхам Аліеў.
Ён падкрэсліў, што Беларусі ўдалося дабіцца гэтага ў няпросты час. «На эканамічны крызіс у многіх краінах накладаецца крызіс палітычны, у многіх краінах — ваенна-палітычны. Мы жывём у перыяд канфрантацыі, што дыктуе новы падыход да вырашэння міжнародных пытанняў», — адзначыў Прэзідэнт Азербайджана.
Для Азербайджана Беларусь — дружалюбная, брацкая дзяржава, сказаў Ільхам Аліеў і выказаў упэўненасць, што пасля гэтага візіту двухбаковыя адносіны будуць развівацца яшчэ хутчэй.
Паміж дзвюма краінамі склаліся адносіны самага высокага ўзроўню. «За ўсе гады актыўнага супрацоўніцтва, якое пачалося крыху больш як 10 гадоў таму, мы, лічу, ужо дастаткова адзін аднаго выпрабавалі ў розных сітуацыях — на трываласць, надзейнасць. І ніколі адзін аднаго не падводзілі», — падкрэсліў Ільхам Аліеў.
Лукашэнка: Беларусь і Азербайджан былі і застаюцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы былі вельмі канструктыўныя і плённыя. Бакі пацвердзілі стратэгічны характар двухбаковых адносін і канстатавалі адсутнасць праблем або разыходжанняў паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Паводле слоў беларускага лідара, сугучныя і падыходы да далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах стагнацыі сусветнай эканомікі і неадназначных прагнозаў развіцця міжнароднай сітуацыі.
У гэтым кантэксце прэзідэнты выказалі цвёрды намер надаць беларуска-азербайджанскім адносінам дадатковую дынаміку. Перш за ўсё гэта датычыцца гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
«На заканчэнне яшчэ раз падкрэсліваю, што паміж Мінскам і Баку няма нявырашаных і невырашаемых пытанняў. Закрытых тэм для абмеркавання таксама няма. Мы былі і застаёмся надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«І нашы азербайджанскія сябры, нашы браты ў Азербайджане павінны ведаць, што ў Беларусі мы ўсё зробім для Азербайджана, на што мы здольныя. Мы заўсёды будзем помніць тую ролю, якую вы адыгралі ў адпаведныя цяжкія часы, падставіўшы нам плячо. Мы гэта добра помнім. І мы народ удзячны, заўсёды будзем гэтак жа падстаўляць сваё плячо азербайджанскаму народу, калі гэта спатрэбіцца», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Азербайджан гатовы прадоўжыць стварэнне ў сябе вытворчасцей з беларускімі тэхналогіямі
Аб гэтым па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік азербайджанскай дзяржавы Ільхам Аліеў.
Стварэнне сумесных беларуска-азербайджанскіх вытворчасцей ужо мае добрую гісторыю, адзначыў Ільхам Аліеў, прывёўшы у прыклад Гянджынскі аўтамабільны завод. «Гэты завод з’яўляецца важным прамысловым аб’ектам на тэрыторыі Азербайджана. Мы гатовы разглядаць пытанні стварэння іншых вытворчасцей з беларускімі тэхналогіямі ў Азербайджане, а таксама стварэння вытворчасцей па перапрацоўцы азербайджанскіх сельскагаспадарчых тавараў у Беларусі», — сказаў Ільхам Аліеў.
Падводзячы вынікі перагавораў, ён расказаў, што былі вызначаны шляхі далейшага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. Кіраўнікі дзяржаў з задавальненнем адзначылі, што ва ўмовах крызісу тавараабарот паміж краінамі застаецца стабільным. «Сёння таксама абмяркоўваліся праекты, якія могуць яго значна павялічыць. Мы павінны больш удзяляць увагі ўзаемнаму гандлю», — лічыць Прэзідэнт Азербайджана.
Ільхам Аліеў канстатаваў, што беларуска-азербайджанскія адносіны дасягнулі такога ўзроўню, які адпавядае інтарэсам народаў і дае магчымасць характарызаваць іх як адносіны паміж стратэгічнымі партнёрамі.
«Мы заўсёды імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго. У далейшым будзем рабіць усё ад нас залежнае, каб Беларусь і Азербайджан заўсёды адчувалі падтрымку адзін аднаго. І ў міжнародных структурах, і ў эканамічнай кааперацыі — ва ўсіх пытаннях мы маем вельмі шчырыя адносіны», — сказаў ён.
Лукашэнка і Аліеў маюць намер садзейнічаць развіццю палітычнага дыялогу Беларусі і Азербайджана
Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана маюць намер садзейнічаць развіццю палітычнага дыялогу паміж краінамі, умацаванню высокага ўзроўню даверу, узаемаразумення і шматпланавага супрацоўніцтва. Аб гэтым сказана ў сумеснай дэкларацыі, якую падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў.
Кіраўнікі дзяржаў у дэкларацыі заявілі аб тым, што «будуць усямерна нарошчваць дасягнуты высокі ўзровень беларуска-азербайджанскіх адносін, заснаваных на традыцыях узаемнай павагі і дружбы паміж народамі».
Прэзідэнты, падкрэсліваючы важнасць далейшага развіцця ўзаемадзеяння дзвюх краін на міжнароднай арэне, будуць садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва і каардынацыі намаганняў па аказанні ўзаемнай падтрымкі ў сферы знешняй палітыкі, гаворыцца ў дэкларацыі. Пры гэтым пацвярджаецца супадзенне і блізкасць пазіцый па многіх пытаннях міжнароднай тэматыкі.
Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў маюць намер «садзейнічаць інтэнсіфікацыі работы ўрадаў Беларусі і Азербайджана па рэалізацыі традыцыйных і пошуку новых форм эканамічнага супрацоўніцтва ў перспектыўных сферах узаемадзеяння, што ахопліваюць машынабудаванне, транспарт, сельскую гаспадарку, сувязь, ахову здароўя, адукацыю і навуку».
Акрамя таго, у дэкларацыі гаворыцца, што «бакі будуць садзейнічаць пашырэнню сувязей і кантактаў паміж творчымі саюзамі і аб’яднаннямі, дзеячамі культуры, літаратуры і мастацтва, маладзёжнымі арганізацыямі, захаванню нацыянальнай самабытнасці народаў дзвюх краін».
Беларусь і Азербайджан падпісалі дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2025 года
Дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2025 года падпісаны ў Мінску ў прысутнасці прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева.
Дакумент накіраваны на далейшае ўмацаванне і дыверсіфікацыю гандлёва-эканамічных сувязей на аснове ўзаемных інтарэсаў, а таксама якаснае паляпшэнне жыцця насельніцтва дзвюх краін. 28 лістапада таксама падпісана праграма сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана да 2025 года.
Акрамя таго, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Дзяржаўным фондам сацыяльнай абароны Азербайджана падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне абавязковага дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі таксама нацыянальныя акадэміі навук дзвюх краін, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў і Фонд развіцця навукі пры Прэзідэнце Азербайджана.
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, рэалізацыя падпісаных дакументаў будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню ўзаемавыгадных беларуска-азербайджанскіх сувязей у палітычным, гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве.
Прэзідэнт Беларусі, падводзячы вынікі праведзеных перагавораў са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым, адзначыў, што бакі таксама выйшлі на новыя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных, нана-, біятэхналогій, ваенна-прамысловага комплексу, навуковых даследаванняў.