
Новы пажарны аўтамабіль павышанай праходнасці і аварыйна-выратавальны інструмент нядаўна з’явіліся ў арсенале шаркаўшчынскіх выратавальнікаў. АЦ10,0-40 (6317) на шасі МАЗ з’яўляецца адной з апошніх мадэляў пажарнай аўтацыстэрны.
На аўтамабілі ўсталявана помпа НЦПН-40 з прадукцыйнасцю 40 літраў вады за секунду, лафетным ствалом, які таксама выдае за адну секунду 40 літраў вады на адлегласць 50 метраў. Аўтацыстэрна аснашчана бензагенератарам, які вырабляе электрычнасць напружаннем 220 V, 4-метровай мачтай асвятлення, якая палепшыць працу выратавальнікаў у цёмны час сутак. Адметнай асаблівасцю новага пажарнага аўтамабіля з’яўляецца наяўнасць цыстэрны для вады аб’ёмам 10 кубічных метраў і ёмістасці для пенаўтваральніка аб’ёмам 600 літраў. Сярод шматлікага абсталявання тут маецца гідраўлічны інструмент “Holmatro” для правядзення аварыйна-выратавальных работ падчас дарожна-транспартных здарэнняў, вызвалення людзей з-пад завалаў. Новы аўтамабіль пастаўлены на баявое дзяжурства ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 гарадскога пасёлка.
Абнавілі аўтапарк спецыяльнай тэхнікі і на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 13 у аграгарадку Лужкі. Тут на дзяжурства прыняты аўтамабіль АЦ3,0-40 на шасі ЗІЛ-131. За кошт памяншэння кабіны (баявы разлік у ёй тры чалавекі) павялічана месца для цыстэрны з вадой аб’ёмам 3 тоны і ёмістасці для пенаўтваральніка на 170 літраў. Помпа і лафетны ствол для падачы вады пры тушэнні таксама, як і ў АЦ10,0-40, выдаюць 40 літраў вадкасці за адну секунду.
— Зараз аўтамабільны парк раённага адзела па надзвычайных сітуацыях складаецца з дзесяці аўтацыстэрнаў, — кажа начальнік РАНС Андрэй Федуковіч. — Сярод іх адзін ЗІЛ-130, шэсць адзінак ЗІЛ-131, адзін КАМАЗ і два МАЗы. Новая спецтэхніка, якую набылі за сродкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях краіны, адпавядае сучасным патрабаванням і вылучаецца выдатнымі характарыстыкамі, асноўныя сярод якіх — павялічаны аб’ём цыстэрнаў для вады і павышаная праходнасць.
Сяргей РАЙЧОНАК.

