Сёння мы прапануем вашай увазе інтэрв’ю з былым супрацоўнікам рэдакцыі, членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” В. Я. СУХАРАВЫМ. У 60—80-х гадах ён працаваў у нашым раёне — спачатку настаўнікам ва Улінаўскай і Стральцоўскай васьмігадовых школах, затым адказным сакратаром раённай газеты “Кліч Радзімы”. Днямі ён завітаў да нас, і мы не ўпусцілі момант, каб не пагутарыць з ім пра падзеі мінулага і сучаснасці.
— Віктар Яфімавіч, скажыце, калі ласка, як Вы трапілі ў Прыдзісненскі край і, у прыватнасці, у райгазету?
— Скончыў філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута і ў 1959 годзе быў накіраваны на працу ва Улінаўскую школу. Выкладаў рускую мову і літаратуру.
У тыя гады настаўнік на вёсцы быў актыўным правадніком ідэй Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. Мяне замацавалі агітатарам за калектывам стральцоўскай комплекснай брыгады калгаса “Прагрэс”, дзе разам з настаўнікам Фёдарам Цёмным вёў адпаведную масава-палітычную работу. Акрамя таго, рэдагаваў калгасную насценную газету “За ўраджай”, змяшчаў карэспандэнцыі ў раённай, абласной і рэспубліканскіх газетах. Асабліва падабаліся і выклікалі вялікую цікавасць у мясцовых жыхароў мае фельетоны. І мяне заўважылі. Калі зноў быў адноўлены ў 1966 годзе Шаркаўшчынскі раён, то запрасілі на працу ў райгазету “Кліч Радзімы”.
— І якая матэрыяльна-тэхнічная база была тады ў рэдакцыі?
— Рэдакцыя займала чатыры кабінеты ў будынку былога райкама партыі. Памяшканні для наборнага цэха і друкарні прыбудавалі. Спачатку мелі старэнькі “Масквіч”, а потым набылі ГАЗ, эксплуатаваў яго беражліва Ананій Буйчонак.
Пра камп’ютары, дыктафоны і іншую тэхніку і думкі не было. Усе творчыя работнікі пісалі звычайнай ручкай, а машыністка Франя Казлоўская акуратна перадрукоўвала арыгіналы.
— А што Вы можаце сказаць пра тагачасны творчы калектыў рэдакцыі?
— Мне здаецца, што мы рабілі цікавую газету, ды і тыраж яе быў не маленькім. Журналісты праяўлялі творчасць у напісанні карэспандэнцыі. Тон усім задаваў рэдактар Сяргей Шынкевіч. Мне прыйшлося з ім шмат гадоў працаваць і ў Пліскай, і ў Шаркаўшчынскай раённых газетах. Гэта быў таленавіты журналіст, выдатны кіраўнік. Менавіта ён навучыў мяне журналісцкай справе.
Давялося працаваць разам і з Эдуардам Корсакам, які прыйшоў у рэдакцыю пасля службы ў радах Савецкай арміі. Спачатку працаваў карэспандэнтам, затым адказным сакратаром, а потым рэдактарам.
Хацелася б успомніць і Ананія Крупскага. Ён не меў адпаведнай адукацыі, скончыў толькі васьмігодку, а пісаў выдатныя матэрыялы пра сельскае жыццё. А якімі таленавітымі былі Фама Рамашка, Вячаслаў Смятанка, Міхась Бельскі, Расціслаў Мележ… Дарэчы, Ф. Рамашка выпусціў некалькі дзіцячых кніжак, а вось у раённай дакументальнай кнізе “Памяць” аб ім не сказана ні слова.
— Віктар Яфімавіч, напэўна, на шаркаўшчынскай зямлі засталося шмат сяброў і знаёмых?
— Калі шчыра казаць, то для мяне ваш цудоўны край стаў другой малой радзімай: адна — на Магілёўшчыне, другая — тут, дзе я вызначыўся як сталы журналіст, дзе стварыў сям’ю. Таму знаёмых і сяброў у мяне шмат. Я вельмі ўдзячны Ірыне Аношка, Вячаславу Хадасевічу, Сцяпану Ермаковічу, Ніне Курцянковай, сям’і Шулейкаў, Уладзіміру Трусу за душэўнасць і дабрыню да мяне. І калі я бываю тут, то абавязкова сустракаюся з імі як з самымі роднымі і блізкімі людзьмі.
— Калі ласка, некалькі слоў аб тым, як склалася прафесійная дзейнасць на Магілёўшчыне?
— Пасля ад’езду з Шаркаўшчыны пачаў працаваць загадчыкам аддзела ў Бялыніцкай раённай газеце “Зара над Друццю”. Потым займаў пасады адказнага сакратара, намесніка рэдактара. На пенсію пайшоў у 2002 годзе. Аднак стасункі з родным выданнем працягваю падтрымліваць, гэтак сама як і з “Кліч Радзімы”.
— А ці вялікая ў Вас сям’я, ці ёсць нашчадкі?
— Мая сям’я складаецца з трох чалавек. Сын нарадзіўся ў вёсцы Малыя Грыдзюшкі Лужкаўскага сельсавета. Закончыў Беларускі ўніверсітэт інфарматыкі і электронікі, працуе намеснікам генеральнага дырэктара адной з маскоўскіх фірм, філіял якой размяшчаецца ў Магілёве. Маю двух унукаў: Алена скончыла з чырвоным дыпломам Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а Алёша вучыцца на другім курсе таго ж універсітэта, дзе атрымаў адукацыю яго бацька. Жонка Ніна Пятроўна, з якой пражыў ужо 52 гады, настаўнічала. Цяпер на пенсіі.
— Віктар Яфімавіч, ужо амаль 10 гадоў, як пакінулі працу ў рэдакцыі. Чым займаеце свой вольны час?
— Недалёка ад Бялынічаў знаходзіцца бацькава сядзіба. Летам выкарыстоўваю яе як дачу. На ёй высаджваю розныя сельгаскультуры, ёсць і парнік, дзе вырошчваю памідоры.
Не забываю і журналісцкую справу. Пакуль не падводзіць здароўе пішу карэспандэнцыі, складаю галаваломкі. Свае красворды змяшчаю ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, “Пенсіянеры”. На жаль апошняя газета перастала існаваць, а шкада.
— І апошняе пытанне: што Вы пажадаеце жыхарам шаркаўшчынскага краю?
— Прайшло шмат часу з той пары, як я пакінуў ваш раён. Але мяне сюды цягне якаясьці прыцягальная сіла. Прыязджаю сюды з вялікім жаданнем праведаць сяброў, даведацца пра іх жыццё, лёс іх дзяцей. Таму жадаю ўсім жыхарам гэтай цудоўнай зямлі здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту і, галоўнае, плённай натхнёнай працы на карысць роднай Бацькаўшчыны і ў імя яе росквіту.
— Дзякуй за змястоўную размову і цікавыя ўспаміны. Спадзяёмся, што і ў наступным годзе Вы таксама наведаеце нашы мясціны і зноў завітаеце ў рэдакцыю.
Інтэрв’ю падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК
