Гадоўляй трусоў заняліся ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева

Сельское хозяйство

902Даўно вядома, што развядзенне трусоў з’яўляецца адной з самых прыбытковых спраў у жывёлагадоўлі. Гэта звязана з многімі фактарамі. Па-першае, гэтыя жывёлы вельмі пладавітыя. За год ад адной самкі можна атрымаць да пяцідзесяці трусянят. Па-другое, трусы вельмі хутка набіраюць вагу. Ужо на трыццаты дзень ад нараджэння трусяняты павялічваюцца ў вазе прыкладна ў дзесяць разоў. Па-трэцяе, мяса гэтай жывёлы з’яўляецца дыетычным прадуктам харчавання. Таму бялок, які ў ім утрымліваецца, засвойваецца арганізмам чалавека на 90 працэнтаў. Варта таксама ведаць, што трусіныя шкуркі карыстаюцца асаблівым попытам на футраным рынку.
З гэтых і шэрагу іншых станоўчых пазіцый зыходзіла кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і работнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева, калі вырашылі заняцца развядзеннем трусоў. Дапамагчы сацыяльнай установе адгукнулася сельгаспрадпрыемства “Буеўшчына”, за грашовыя сродкі якога ў маі сёлетняга года ў ААТ “Мяжаны”, што на Браслаўшчыне, набылі 12 жывёл парод Венскі, Каліфарнійскі і Новазеландскі. Работнікі аддзялення і пражываючыя тут грамадзяне ўласнымі сіламі змайстравалі клеткі для гадаванцаў. Не засталося ў баку ад пачатай справы і ААТ “Княж”. Для ўтрымання грызуноў, колькасць якіх хутка павялічвалася, сельгаспрадпрыемства выдзеліла неабходныя будаўнічыя матэрыялы, каб узвесці дадатковае памяшканне. Клеткі таксама змайстравалі за сродкі гаспадаркі. Зараз у Дзікеве ў двух памяшканнях гадуюцца больш пяцідзесяці трусоў. У далейшых планах павелічэнне пагалоўя гэтай жывёлы.
Для таго, каб гадаваць трусоў у адпаведнасці са шматлікімі ветэрынарнымі патрабаваннямі, у аддзяленні арганізавалі адпаведны гурток, якім кіруе Аксана Паўчанка. На занятках вывучаецца адпаведная навуковая літаратура па трусагадоўлі, вядуцца пільныя назіранні за станам здароўя грызуноў і іх паводзінамі. Асноўную частку работы, звязанай са своечасовым і якасным харчаваннем, чысткай клетак выконвае Іван Пятровіч Кучаравы. Мужчына пражывае ў аддзяленні з пачатку яго заснавання, адказна выконвае любую даручаную справу, таму ён ахвотна згадзіўся даглядаць пагалоўе трусоў.
Як мы даведаліся, ужо зараз у Дзікеве любы жадаючы можа набыць для сваіх патрэб гэтых жывёлін. Рэалізуюць трусоў па цане 80 тысяч рублёў за адзін кілаграм жывой вагі. Дарэчы, гэта не вельмі дорага, калі ўлічваць, што на іншых трусафермах кошт іх значна большы.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *