Поўным ходам ідзе ў раёне ўборка караняплодаў. Рэпартаж з ААТ «Юдыцына»

Сельское хозяйство

дружна працуюць на бураковым палетку работнікі ТЦСАН

Сярод іншых культур, уборка якіх цяпер ідзе на палетках раёна, сваю долю займаюць і караняплоды. Усяго па раёне іх было пасеяна сёлета на плошчы 225 гектараў, на панядзелак, 19 верасня, было ўжо ўбрана болей за палову — 114 гектараў, сярэдняя ўраджайнасць складала 308 цэнтнераў з гектара.

Заканчвалі на той момант ўборку буракоў у ААТ «Юдыцына», ім заставалася ўбраць адзін гектар з дзесяці засеяных. У справе былі задзейнічаны ўласна калектыў гаспадаркі, мясцовая школа. Па традыцыі сваю долю дапамогі аказалі сельгаспрадпрыемству арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Гэта тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і камбінат кааператыўнага абслугоўвання. Апошні апроч людзей выдзеліў таксама і трактар з трактарыстам для перавозкі буракоў.

сваю частку загружаюць работнікі ААТ "Юдыцына"

Прыклалі руку да агульнай справы і работнікі рэдакцыі: летам былі выезды на праполку прызначаных 20 сотак, а за другую палову мінулага тыдня караняплоды, сярод якіх сустракалася нямала веліканаў, былі выкапаныя і складзеныя ў кучы. Пры пагрузцы атрымалася роўна два прыцэпы, якія ў суме заважылі на 10 тон. На суседняй дзялцы дружна працаваў шматлюдны працоўны дэсант з тэрытарыяльнага цэнтра. Зважаючы на большы калектыў, і баразёнак ім выдзелілі болей. Але пад дружным націскам плошча з зялёным бацвіннем хутка меншала, і без сумнення можна было сказаць: каб завяршыць справу, ім не спатрэбіцца шмат часу.

часта трапляліся вось такія буракі-веліканы

— Ураджай буракоў сёлета ў нас вырас нядрэнны, — расказала нам галоўны бухгалтар ААТ “Юдыцына” Кіра Іванаўна Радзевіч. — З 9 убраных гектараў атрымалі 347 тон. Ураджайнасць склала 380 цэнтнераў з гектара. З усімі, хто дапамагаў на ўборцы, у хуткім часе будзе праведзены разлік.

Асноўная маса ўраджаю складзіравана на блізка размешчанай ад палетка ферме Шыці, буракі пойдуць на корм жывёле зімой. Невялікая частка будзе развезена да іншых фермаў, дзе адразу пойдзе на кармленне кароў.

Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *