
Загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2015 года № 90 за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні службовых абавязкаў, Падзячным пісьмом Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях з уручэннем грашовых прэмій узнагароджаны камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аг. Лужкі Саша Дэксніс і вадзіцель гэтага паста Віктар Якубёнак. Ганаровую місію ўзнагароджвання 24 снежня ў актавай зале Шаркаўшчынскага РАНС выканаў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А. Р. Клабук. Аляксандр Рыгоравіч падзякаваў за самаахвярную работу ў складаных аператыўных абставінах з рызыкай для жыцця і здароўя, праяўленыя смеласць і рашучасць пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый. У той дзень у Шаркаўшчынскім РАНС былі ўзнагароджаны таксама і выратавальнікі з горада Паставы — Юрый Рымко і Юрый Лысёнак. Больш падрабязна пра гераічныя ўчынкі нашых выратавальнікаў мы раскажам чытачам газеты ў матэрыяле, прысвечаным іх прафесійнаму святу, якое будзе адзначацца 19-га студзеня.
Сяргей РАЙЧОНАК.