Навучэнцы Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа і Глыбоцкага дзяржаўнага прафліцэя аказалі дапамогу КУВСП «Гарадзец» ва ўборцы бульбы

Сельское хозяйство

студэнты з Полацка

Верасень — гэта пачатак восені. А таксама разгар некаторых відаў сельгасработ. У прыватнасці, гэта тычыцца ўборкі бульбы. На прысядзібных участках і палетках сельгаспрадпрыемстваў поўным ходам вядуцца работы. Людзі імкнуцца як мага хутчэй убраць ураджай. Восенню трэба спяшацца гэта зрабіць, бо надвор’е непрадказальнае. Аўтар гэтых радкоў пабываў у КУВСП “Гарадзец”: давялося ўбачыць, як вядзецца ўборка “другога хлеба” на палях сельгаспрадпрыемства.

У сераду, 21 верасня, стаяла добрае надвор’е. Таму ў КУВСП “Гарадзец” поўным ходам вялася ўборка бульбы.

— Сёлета трэба ўбраць бульбу на плошчы 100 га, — уводзіць у курс справы намеснік дырэктара Наталля Віктараўна Катушонак. — На сённяшні дзень убрана больш паловы. Да канца тыдня плануем завяршыць. Вялікую дапамогу гаспадарцы аказваюць студэнты Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа, Глыбоцкага дзяржаўнага прафліцэя. Не забываюць нас і школьнікі — на палетках працуюць вучні Лужкаўскай СШ, Германавікай СШ, Шаркаўшчынскай СШ № 1, Велікасельскай СШ-сада, Гуркаўскай БШ. Істотную дапамогу на адвозцы аказваюць шэфы: РЭС, райспажыўтаварыства, ПМС. Задзейнічаны на адвозцы фермеры — яны працуюць на сваёй тэхніцы — Георгій Віктаравіч Морхат, Андрэй Паўлавіч Савіцкі, Валерый Аляксандравіч Жалейка, ад Ігара Аркадзьевіча Садоўскага працуе механізатар з тэхнікай Антон Мяцеліца.

за працай навучэнцы прафліцэя

Такім чынам на ўборцы бульбы ў КУВСП “Гарадзец” штодня задзейнічаны па 27 студэнтаў з Глыбокага і Полацка, каля 50 вучняў з Шаркаўшчыны і каля двух дзясяткаў мясцовых школьнікаў.

Выдатна працуюць на адвозцы мясцовыя механізатары — Анатолій Баравік, Юрый Бягун, Анатолій Ермаловіч, Расціслаў Жынгель.

Дырэкцыя гаспадаркі паклапацілася, каб стварыць належныя ўмовы для маладых памочнікаў. Полацкія студэнты пражываюць на базе КУВСП “Гарадзец”, забяспечаны трохразовым харчаваннем. Глыбачане раніцай прыязджаюць і едуць назад пасля працоўнага дня — для іх гатуецца абед. Школьнікам таксама прывозіцца на поле гарачае харчаванне.

Для студэнтаў Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа арганізаваны вольны час. Для іх праводзяцца экскурсіі, маладыя людзі маюць магчымасць займацца спортам у мясцовым фізкультурна-аздараўленчым комплексе пад кіраўніцтвам Яўгена Чысцякова.

Давялося пабываць і на бульбяным палетку. Там працавалі студэнты Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. Разам з імі былі выкладчыкі Таццяна Мікалаеўна Падгорная, Зыгмунд Міхайлавіч Самуйла, Святлана Аляксандраўна Бацэка. Даведаўся, што прадстаўнікі старажытнага Полацка будуць працаваць у КУВСП “Гарадзец” да 28 верасня.

—  Хачу адзначыць, што з боку кіраўніцтва да нас вялікая ўвага, — заявіла С. А. Бацэка. — Створаны належныя бытавыя ўмовы. Выдатна кормяць. Сёння, напрыклад, будзе лазня. Ды і вольны час ёсць дзе правесці — у фізкультурна-аздараўленчым комплексе.

Як высветлілася, у будучых эканамістаў, тэхнолагаў, таваразнаўцаў ёсць свае лідары на бульбяным палетку. Гэта Наталля Дудзіна, Анна Забароўская, Вольга Патрэмайла, Вікторыя Асташова і Яраслаў Каськовіч. Кіраўніцтва гаспадаркі паабяцала на заканчэнні арганізаваць для студэнтаў салодкі стол. Прытым 10 лідараў будуць адзначаны каштоўнымі прызамі.

Побач працавалі навучэнцы Глыбоцкага прафліцэя. Будучыя вадзіцелі, трактарысты, слесары напаўнялі трактарны прычэп бульбай. Іх працоўны дзень пачынаецца ў 9 гадзін і працягваецца да 16.00. Сярод “глыбачан” ёсць прадстаўнікі Шаркаўшчынскага раёна: Валерый Аляксяёнак з Іёдаў і Артур Удобкін з вёскі Юзэфова. Прыемна, што нашы землякі ўваходзяць у лік лідараў на бульбяным палетку разам з глыбоцкімі хлопцамі Андрэем Саковічам і Канстанцінам Маціеўскім.

лідары на бульбяным палетку К. Маціеўскі, В. Алексяёнак, А. Удобкін, А. Саковіч

І вось дадзена каманда: “Загружаем апошні прычэп і на абед!” Студэнты пачалі хутчэй напаўняць вёдры. Абед — гэта доўгачаканая і прыемная працэдура пасля 4-гадзіннай напружанай працы. Галоўнае, што заўважыў, на тварах маладых людзей радасць — усе працуюць з нейкай лёгкасцю. Ды і фізічная нагрузка на свежым паветры ў 20-гадовым узросце вельмі карысна.

— У далейшым, калі закончыцца ўборка бульбы, студэнты акажуць дапамогу ва ўборцы морквы і сталовых буракоў, — сказала Н. В. Катушонак. — Будзем спадзявацца, што маладым людзям спадабалася праца ў нашай гаспадарцы і яны прыедуць у “Гарадзец” у наступным годзе. Прытым, што грошы, заробленыя “на бульбе” лішнімі не будуць.

Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *