Свята мудрасці і жыццёвага вопыту. Пра дзейнасць раённай ветэранскай арганізацыі расказвае яе старшыня Галіна Мікалаеўна Філатава

Актуальное

Сёння ў нашай краіне адзначаецца дзень пажылых людзей. Гэта свята, устаноўленае Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, лічыцца своеасаблівай данінай павагі народаў розных краін прадстаўнікам старэйшага пакалення. Усім тым, хто прайшоў выпрабаванні лёсу, годна пражыў жыццё, з чыстым сумленнем дасягнуў паважанага ўзросту.
Пажылыя людзі — гэта наш гонар. На працягу многіх гадоў яны старанна працавалі, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны абаранялі  краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узнімалі з руін і папялішчаў спаленыя гарады і вёскі, аднаўлялі разбураную гаспадарку, гадавалі дзяцей і спадзяваліся на лепшае. Сваім нашчадкам яны пакінулі ў спадчыну багаты жыццёвы вопыт і мудрасць пакаленняў.
У апошнія гады ўсё больш пажылых людзей пражываюць асобна ад дзяцей і сваякоў. У нашай краіне колькасць беларусаў пенсійнага ўзросту дасягае 28 працэнтаў. На тэрыторыі раёна налічваецца звыш шасці тысяч пенсіянераў, што складае 34,3 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва. Сярод пажылых жыхароў раёна 4634 — ветэраны працы, 43 — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
На тэрыторыі нашага рэгіёна створана і дзейнічае 31 ветэранская арганізацыя, члены якой уносяць свой пасільны уклад у грамадскае жыццё раёна, дапамагаюць раённаму Савету ветэранаў. З задавальненнем наведваюць школы, сустракаюцца з  прадстаўнікамі падрастаючага пакалення, падтрымліваюць чысціню і парадак на брацкіх магілах. Так у гэтым годзе сумесна з вучнямі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 было добраўпарадкавана некалькі месцаў пахавання знакамітых  людзей раёна.
Грамадскае аб’яднанне ветэранаў прымае  ўдзел і ў палітычным жыцці нашага краю: пажылыя людзі актыўна прыходзяць на выбары, вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у склад назіральных і ўчастковых выбарчых камісій. 15 ветэранаў з’яўляюцца ўдзельнікамі клуба “Надзея”, 15 — занесены на Дошку гонару раённай ветэранскай арганізацыі.
Імкліва бягуць гады і незаўважна наступае старасць, а разам з ёй і мноства сацыяльна-бытавых праблем. Большасць састарэлых, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, патрабуюць догляду і падтрымкі.
Дапамогу пажылым людзям гарантуе дзяржава. Законы “Аб ветэранах”, “Аб пенсійным забеспячэнні”, шэраг іншых заканадаўчых актаў і праграм адлюстроўваюць палітыку дзяржавы ў адносінах да  пенсіянераў і інвалідаў. На іх выкананне выдзяляюцца немалыя грашовыя сродкі.
Ад імя раённага Савета ветэранаў і ад сябе асабіста віншую ўсіх, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, хто носіць ганаровае званне дзядуль і бабуль з днём пажылых людзей. Сваёй шматгадовай працай большасць гэтых людзей заслужылі гонар і павагу. Няхай не забываюцца пра пенсіянераў у працоўных калектывах.
Моцнага ўсім здароўя, актыўнага даўгалецця, павагі і ўважлівых адносін ад родных і блізкіх людзей.
Г. ФІЛАТАВА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *