За 8 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна ўчынены 71 крадзёж усіх форм уласнасці. За адпаведны перыяд 2010 года такіх злачынстваў зафіксавана 49. Такім чынам назіраецца рост крадзяжоў.
Выяўлены 4 факты пранікнення ў магазіны. Учынена 37 крадзяжоў з кватэр і жылых дамоў (столькі ж злачынстваў было зафіксавана за аналагічны перыяд мінулага года). Трэба адзначыць, што значна зменшылася колькасць крадзяжоў мабільных тэлефонаў: з 10 да 1 факта.
Нагадаем, што крадзяжам з жылых памяшканняў спрыяе абыякавасць гаспадароў, якія пакідаюць без нагляду каштоўныя рэчы ў бацькоўскіх дамах у аддаленых вёсках, на дачах. Пасля, калі выяўляецца факт злачынства, гаспадары не могуць указаць нават месяц, калі зніклі рэчы, а гэта, у сваю чаргу, ускладняе пошук зламысніка.
Несуцяшальная сітуацыя з захаванасцю матэрыяльных каштоўнасцей на аб’ектах будоўлі. З 26 на 27 жніўня са склада на тэрыторыі ПМК-68 невядомы скраў будаўнічыя матэрыялы і інструменты на суму больш за 4 мільёны рублёў.
15 чэрвеня ў Більдзюгах два грамадзяніны “пазычылі” будаўнічыя матэрыялы на суму 750 тыс. руб.
У сакавіку з будаўнічай пляцоўкі па вул. Савецкая невядомая асоба прысвоіла будаўнічае абсталяванне на суму 1,3 мільёна рублёў.
Рэгулярна ў РАУС паступаюць паведамленні аб крадзяжах сельгаспрадукцыі. У ААТ “Буеўшчына” выяўляліся факты крадзяжоў з фермы буйной рагатай жывёлы. У чэрвені—ліпені знікалі цяляты з поля каля вёскі Падліпкі (КУВСП “Гарадзец”).
Яшчэ адна бяда — крадзёж паліва. У чэрвені зафіксаваны факт, калі два грамадзяніны “пазычылі” 150 літраў дызпаліва на тэрыторыі мехмайстэрні ў вёсцы Ручай (ААТ “Агратэхсэрвіс”). Неўстаноўленая асоба зліла з тэхнікі 130 літраў дызпаліва ў Пяліках (ААТ “Даватарскі”). Дарэчы, крадзёж учынены з ахоўваемай пляцоўкі.
Пра крадзяжы веласіпедаў не аднойчы гаварылася. Але ж гаспадары працягваюць пакідаць свае транспартныя сродкі без нагляду і, у выніку, падштурхоўваюць нядобрасумленных грамадзян на злачынства. Як правіла, усе крадзяжы чыняцца ў грамадскіх месцах, дзе гаспадары пакідаюць веласіпеды на “пару хвілін”, ці каля прыватных дамоў, з пад’ездаў шматпавярховікаў.
Распаўсюджаны факты, калі зламыснікі крадуць з аўтамабіляў. 19 ліпеня гр. П. скраў з аўтамабіля аўтамагнітолу. 10 мая гр. М. з мікрааўтобуса зняў радыёантэну (машына знаходзілася ў цэнтры Шаркаўшчыны — па вул. Маякоўскага).
Такіх фактаў можна прыводзіць шмат — усе яны падобны адзін да другога: абыякавасць гаспадароў прыводзіць да крадзяжу. Таму пра захаванасць маёмасці рэкамендуем паклапаціцца гаспадарам. Пра тое, як зберагчы дзяржаўную маёмасць, павінны клапаціцца адказныя асобы. РАУС накіроўвае прадстаўленні ўсім кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, каб ліквідавалі прычыны і ўмовы, якія спрыяюць учыненню крадзяжоў. За не прыняцце мер наступае адміністрацыйная адказнасць. З пачатку 2011 года пакараны 4 кіраўнікі.
А. РАМАНОЎСКІ,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС