Прынята лічыць, што ў сферы адукацыі працуюць толькі выхавальнікі дзіцячых садоў, настаўнікі школ, выкладчыкі іншых навучальных устаноў. Аднак з гэтым можна не пагадзіцца. Зразумела, што працэс навучання і выхавання падрастаючага пакалення цалкам належыць педагогам. Але за гэтымі людзьмі ёсць яшчэ і такія, ад каго залежыць фінансава-гаспадарчая дзейнасць навучальных устаноў. Гаворка ідзе пра бухгалтараў.
Прыгожая жанчына з абаяльнай усмешкай працуе галоўным бухгалтарам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Завуць яе Сафія Канстанцінаўна Самазванава. 5 студзеня яна па-асабліваму вылучалася сярод іншых сваіх калег па працы: няспешны, крыху сарамлівы крок, невялікая разгубленасць і хваляванне прысутнічалі ў жанчыне. Справа ў тым, што менавіта 5 студзеня Сафія Канстанцінаўна сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння. Таму і хваляванне было зразумелым, бо кожны работнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама віншаваў Сафію Канстанцінаўну: выказваў словы ўдзячнасці, дарыў прыгожыя букеты кветак, чытаў для яе вершы.
У той жа дзень падчас рабочай планёркі ў вялікай зале райвыканкама кіраўнік раёна Мікалай Ірынархавіч Баговіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Сафіі Канстанцінаўне Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, пажадаў ёй моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму.
Пасля шматлікіх віншаванняў нам надарылася магчымасць пагутарыць з юбіляркай, і яна расказала пра свой шлях у прафесію і крыху пра асабістае жыццё.
— Нарадзілася я ў нашых шаркаўшчынскіх мясцінах, у вёсцы Юзэфова Германавіцкага сельсавета, — кажа Сафія Канстанцінаўна. — Пасля заканчэння Германавіцкай сярэдняй школы мае некаторыя аднагодкі выязджалі на працу ў Латвію (у той час работа на прадпрыемствах там добра аплочвалася). Я ж для сябе вырашыла пайсці вучыцца ў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля набыцця адпаведнай адукацыі вярнулася дамоў, працаўладкавалася па спецыяльнасці на пасаду бухгалтара Германавіцкага сельскага Савета. У 1987 годзе разам з мужам Аляксеем пераехалі жыць у Шаркаўшчыну. Непрацяглы тэрмін я працавала тут у аддзеле статыстыкі, а з 1994 года — у аддзеле адукацыі. З таго часу мінула ужо 22 гады, з якіх 15 я ўзначальваю цэнтралізаваную бухгалтэрыю аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Работа патрабуе максімальнай самааддачы, пільнай канцэнтрацыі і ўвагі. У падначаленым мне калектыве працуюць 19 бухгалтараў. Кожны адказвае за вызначаны напрамак дзейнасці, з дасканаласцю, стараннем і добрасумленна выконвае свае службовыя абавязкі. Апошнім часам у нашу бухгалтэрыю прыйшлі працаваць пяць маладых спецыялістаў. Дарэчы, і на іх работу я не маю ніякіх нараканняў, таму што кожны з іх імкнецца зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.
Праца будзе спорыцца не толькі тады, калі “сходится дебет с кредитом”, а ў першую чаргу, калі дома цябе чакае надзейны тыл. Для мяне гэта мой муж Аляксей Парфір’евіч, дочкі Ірына і Святлана, унукі Кірыл і Захар і двухгадовая унучанька Ксенія. Менавіта яны і з’яўляюцца для мяне апорай, найвялікшым шчасцем і жыццёвай радасцю.
Як нам стала вядома, Аляксей Парфір’евіч, Ірына і Святлана таксама працуюць у сферы адукацыі. Можна сказаць, што Самазванавы — сямейная дынастыя педагогаў (кожны ў сваёй галіне дзейнасці). І хто ведае, магчыма Кірыл, Захар і Ксенія выберуць для сябе гэты шлях. А так гэта будзе ці не — пакажа час.
Сяргей РАЙЧОНАК.