На базе Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання напачатку новага года адкрыўся новы трыкатажны аддзел, у якім вязальшчыца Лідзія Мацвееўна Гудзелева стварае мадэлі на заказ, па індывідуальных мерках і з улікам усіх пажаданняў і прапаноў. І калі з наступленнем халадоў у вас з’явілася жаданне набыць новы світэр, туніку, сукенку ці які-небудзь іншы прадмет адзення, наступная інфармацыя вас абавязкова зацікавіць.
-Спецыяльна для вытворчасці трыкатажных вырабаў была закуплена новая прафесіянальная вязальная машына “Сільвер”, якая прадугледжвае стварэнне вялікай колькасці мадэляў і выкарыстанне разнастайных тэхнік вязання. Практычна ўсе малюнкі, арнаменты і ўзоры новаму абсталяванню пад сілу, — паведамляе Лідзія Мацвееўна. – У РКБА прадстаўлены шырокі асартымент якасных паўшарсцяных і прывабных па цане нітак, з якіх і будуць створаны будучыя мадэлі. Вязальная машына прадугледжвае рамонт трыкатажнага адзення. Лічу, што гэты від паслуг таксама будзе карыстацца попытам сярод насельніцтва. Немалаважным з’яўляецца і той факт, што рэчы, заказаныя ў нашым трыкатажным аддзеле, цалкам прымальныя па цане і для людзей з невысокім матэрыяльным дастаткам . На кошт нашых вырабаў уплывае толькі колькасць затрачанай на іх пражы, незалежна ад выбранай мадэлі, узору ці малюнкаў. Прадукцыя, звязаная ў трыкатажным аддзеле РКБА, ужо зараз карыстаецца попытам і з цягам часу ў аддзеле будзе прадстаўлена рэкламная прадукцыя і свой выставачны асартымент, а пакуль што ўсе мадэлі ствараюцца па заяўках кліентаў і колькасць заказчыкаў з кожным днём паступова павялічваецца.
-Шмат гадоў назад у Шаркаўшчынскім раёне існаваў свой трыкатажны цэх, прадукцыя якога была вельмі запатрабавана насельніцтвам,-адзначыла дырэктар Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання Вольга Аляксандраўна Далецкая.- Адна з былых вязальшчыц гэтага цэха, Таісія Сямёнаўна Сухава, перадала сакрэты свайго прафесійнага майстэрства Лідзіі Мацвееўне Гудзелевай, вязальшчыцы новага трыкатажнага аддзела РКБА, і мы за гэта ёй вельмі ўдзячныя. З дапамогай новага сучаснага абсталявання паспрабуем адрадзіць забытыя традыцыі і работу трыкатажнага цэха. Ва ўсякім разе зробім усё магчымае для таго, каб нашы мадэлі заўсёды былі камфортнымі, зручнымі і якаснымі і мелі пры гэтым прывабны знешні выгляд. Размешчаны новы трыкатажны аддзел на 2-м паверсе камбіната бытавога абслугоўвання, побач са швейным цэхам. Запрашаем усіх шаркаўчан і жыхароў нашага раёна ў РКБА за пакупкамі. Заўсёды будзем рады бачыць вас у ліку нашых кліентаў.