“Каб Галіна Мікалаеўна Кандрацьева абрала для сябе якую-небудзь іншую сферу дзейнасці, то і там бы яна змагла дасягнуць значных поспехаў і высокага ўзроўню прафесійнага майстэрства, бо любая работа спорыцца ў руках гэтай працавітай, абаяльнай і мэтанакіраванай жанчыны”,-паведамілі ў час нашай размовы многія яе калегі , кіраўніцтва і супрацоўнікі філіяла “Шаркаўшчынскі кансервавы завод” УП “Полацкая універсальная база”. А лёс распарадзіўся так, што вось ужо на працягу 36 гадоў Галіна Мікалаеўна застаецца вернай сваёй няпростай справе і прадпрыемству , займаючы пасаду майстра брадзільна-купажнага цэха філіяла кансервавага завода. І сёння ўявіць вытворчасць віна на прадпрыемстве без гэтага чалавека проста немагчыма.20 студзеня гераіня гэтага матэрыялу адзначыла свой чарговы юбілей.
- У цяперашні час не так часта сустракаюцца людзі, якія будуць душой хварэць за сваю справу,-адзначылі ў час нашай размовы дырэктар філіяла Шаркаўшчынскага кансервавага завода Сяргей Мікалаевіч Макаранка і старшыня цэхавага камітэта Алена Бенядзіктаўна Лаўрыновіч.- Галіна Мікалаеўна заўсёды з энтузіязмам бярэцца за любую даручаную работу. У гэтага чалавека ёсць чаму павучыцца і сама яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу калегам і даць слушную параду. Менавіта такія людзі і забяспечваюць стабільную работу прадпрыемства ў няпростых эканамічных умовах. У юбілейны дзень нараджэння ад усёй душы жадаем Галіне Мікалаеўне моцнага здароўя, асабістага шчасця і поспехаў ва ўсіх яе справах.
Самыя шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні гучалі ў дзень юбілею ад родных і блізкіх, сяброў і калег. Разам з мужам Аляксандрам Авімавічам Кандрацьевым Галіна Мікалаеўна выхавала сына Сяргея, які разам са сваёй сям’ёй пражывае ў Мінску. І зараз самы жаданы госць у доме Кандрацьевых – чатырохгадовы ўнучок Дзіма, якога бабуля і дзядуля з задавальненнем дапамагаюць выхоўваць.