Зладжана, эфектыўна і без перабояў ідзе работа ў ААТ «Буеўшчына»

Сельское хозяйство

галоўны інжынер Віктар Баговіч, механізатар Мікалай Сідараў і намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат
галоўны інжынер Віктар Баговіч, механізатар Мікалай Сідараў і намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат

На мінулым тыдні надарылася магчымасць трапіць у адкрытае акцыянернае таварыства “Буеўшчына”, каб пацікавіцца, як ідуць справы ў працаўнікоў сяла ў зімовы перыяд. Тым больш, што нагодай для паездкі стаў чарговы “дзень падпісчыка”, які супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты правялі ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства.
Маршрут аб’езду аддзяленняў акцыянернага таварыства папярэдне мы ўзгаднілі з намеснікам дырэктара Аляксандрам Гернатам. Спачатку трапілі на мехдвор у аграгарадок Іёды. У адрозненні ад іншых гаспадарак раёна, дзе ў гэты час у мехмайстэрнях поўнае зацішша, тут наадварот — поўным ходам ідзе рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі: аўтамабілі, трактары, корма- і зернеўборачныя камбайны механізатары даводзяць да ладу. Нягледзячы на чарговы працоўны водпуск, пацікавіцца ходам рамонтных работ у майстэрні завітаў і галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Віктар Баговіч. Вось што ён нам паведаміў:
— На сённяшні дзень механізатары займаюцца рамонтам глебаапрацоўчай тэхнікі: культыватараў, дыскатараў, плугоў, пасяўных агрэгатаў. У кожным аддзяленні ў механічных майстэрнях ёсць газаэлектразваршчыкі, без якіх проста не абыйсціся падчас рамонту. Крыху складаней у гэтым плане з токарамі — іх не хапае. Тым не менш, на канец студзеня мы ўжо маем прыкладна 70 працэнтаў адрамантаванай сельгастэхнікі. А да пачатку вясенняй пасяўной прыкладзём максімум намаганняў, каб паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю, якую маем у наяўнасці і якая будзе задзейнічана на палявых работах. Уласнымі сіламі робім тэхабслугоўванне энерганасычаных трактароў. Толькі тры МТЗ, якія гаспадарка атрымала летась, знаходзяцца на гарантыі — іх абслугоўваюць спецыялісты. Два гады назад набылі міні-пагрузчык “Амкадор”. Зараз ён задзейнічаны на ферме. Акрамя яго ў сельгаспрадпрыемстве маюцца яшчэ чатыры адзінкі франтальных пагрузчыкаў гэтай маркі. Усе яны задзейнічаны на пагрузачных работах у зімовы перыяд, у асноўным, на загрузцы сенажу, сіласу, рулонаў сена і саломы для корму буйной рагатай жывёле. Як бачыце самі, працы ў гаспадарцы хапае. Механізатарскія кадры робяць яе дасканала і з адказнасцю.
Далей трапляем у аддзяленне Юдыцына. На самай аддаленай ферме гаспадаркі ў вёсцы Трабаўшчына сустрэлі галоўнага заатэхніка Арцёма Ражнова. Малады хлопец родам з Верхнядзвіншчыны. Пяць год таму назад, пасля заканчэння навучальнай установы, атрымаў размеркаванне ў наш раён, у былую гаспадарку “Юдыцына”. Тэрмін адпрацоўкі закончыўся, але Арцём застаўся ў Шыцях, ажаніўся, у сям’і нарадзіўся сын. Гаспадарка выдзеліла ім дом. Таму і вырашыў працаваць перспектыўны спецыяліст у нашых мясцінах.

Галоўны заатэхнік Арцём Ражноў і даглядчык фермы Трабаўшчына Валерый Мяньшынскі
Галоўны заатэхнік Арцём Ражноў і даглядчык фермы Трабаўшчына Валерый Мяньшынскі

— Ведаеце, зараз спраў прыбавілася ўдвая, — кажа галоўны заатэхнік. — Пасля далучэння ААТ “Юдыцына” да “Буеўшчыны” павялічыўся фронт работы. Каб быць у курсе спраў і ведаць усе праблемы ў жывёлагадоўлі, трэба як мага часцей бываць на фермах, сустракацца з іх работнікамі, своечасова вырашаць пытанні зоатэхнічнага напрамку. А дапамагаюць мне ў гэтай справе заатэхнік-селекцыянер, тры ветэрынарныя ўрачы, аператары па штучным асемяненні, лабаранты. Усе разам мы працуем над аднаўленнем статку буйной рагатай жывёлы, яго павелічэннем, сочым за колькасцю і якасцю малака. Дарэчы, каб мець яго як мага больш, кормім дойны статак якасна. У рацыёне кармлення кароў сянаж, сена, салома, канцэнтраты. Апошнія мы выдаём у разліку два кілаграмы на адну галаву, плюс 300 грамаў на адзін кілаграм надоенага малака.
За мінулы год па гаспадарцы ў сярэднім надоена малака на адну карову 3023 кілаграмы. У разрэзе гэтыя паказчыкі наступныя: ферма Буеўшчына — 2750 кілаграмаў, Варонка — 2755, Іёды — 2899, Шыці — 2712, Трабаўшчына — 4000 кілаграмаў малака. Радуе тая акалічнасць, што больш сямідзесяці працэнтаў рэалізуецца класам “экстра”. Малако з сярэдзіны мінулага года пастаўляем на Пастаўскі малочны завод. Грашовы разлік за яго атрымоўваем своечасова, гэта і дазваляе ў тэрмін выплочваць заработную плату нашым працаўнікам.
Падчас наведвання намі фермы ў Трабаўшчыне пасля ранішняга даення, зборам рэшткаў кармоў і чысткай праходаў займаўся даглядчык Валерый Мяньшынскі. Мужчына працуе тут па чарзе разам з напарнікам Уладзімірам Куляшовым. Разам яны сочаць за парадкам у кароўніку, за своечасовым кармленнем жывёлы. 180 галоў кароў дояць Алена Фурс, Святлана Віткоўская і Жанна Даргель. Па словах галоўнага заатэхніка, даяркі добрасумленныя і адказна адносяцца да сваіх абавязкаў. Пра гэта сведчыць і самы высокі паказчык па надоях малака сярод іншых ферм сельгаспрадпрыемства.
Па ўсім бачна, што і кіраўніцтва, і спецыялісты, і рабочыя ААТ “Буеўшчына” прыкладаюць максімум намаганняў, каб мець станоўчыя паказчыкі ў развіцці гаспадаркі і паляпшаць дабрабыт яе работнікаў, таму і працуюць тут усе зладжана, эфектыўна і без перабояў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Ідзе загрузка сенажу на ферме Буеўшчына
Ідзе загрузка сенажу на ферме Буеўшчына


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *