Дзяржаўная установа адукацыі “Германавіцкая сярэдняя школа”, дзякуючы паспяховай плённай працы педагогаў і саміх вучняў, на працягу многіх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў многіх накірунках дзейнасці і па праву ўваходзіць у лік лепшых навучальных устаноў раёна. Пры гэтым адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца экалагічнае выхаванне моладзі, якое ў школе рэалізуецца пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі і геаграфіі Марыны Аляксандраўны Фёдаравай. Па ініцыятыве гэтага таленавітага педагога прадстаўнікі школьнага экалагічнага клуба прынялі ўдзел у праекце “Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”, што фінансаваўся Еўрапейскім Саюзам. У школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Дзісненскім лясгасам і Германавіцкім лясніцтвам, а таксама з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага біясфернага заказніка “Ельня” школьнікі праводзяць свае назіранні, займаюцца даследчай дзейнасцю, рэзультаты якой потым дасылаюць навукоўцам. Таму і невыпадкова, што менавіта на базе Германавіцкай сярэдняй школы ў наступным навучальным годзе з’явіцца сучасны экацэнтр, які дазволіць вучням рознага ўзросту ўжо на новым узроўні вывучаць праблемы экалогіі і паспяхова знаходзіць шляхі іх вырашэння. А дапамогуць у гэтым сучаснае абсталяванне, інтэрактыўныя экспанаты і стэнды, цікавыя формы і метады работы.
Адзін з першых крокаў у гэтым напрамку быў зроблены 26 студзеня, калі ў рамках рэалізацыі праекта “Павышэнне патэнцыялу мясцовых таварыстваў ва ўстанаўленні кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота “Ельня” школу наведалі аўтары гэтага праекта і прадстаўнікі Праграммы развіцця ААН Аляксей Генадзьевіч Арцюшэўскі і Мікалай Данілавіч Чэркас. Для будучага экалагічнага цэнтра ў школу была прывезена новая сучасная аргтэхніка; мультымедыйны праэктар, ноутбук, тэлевізар, фотаапарат і мультыфункцыянальнае друкарскае устройства. Фінансавую падтрымку праекту аказвае вытворчае унітарнае прадпрыемства “Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия». У час сустрэчы госці прадставілі свой праект, які будзе адаптаваны пад навучальныя і выхаваўчыя школьныя праграмы і ўвасоблены ў жыццё з дапамогай вучняў і настаўнікаў Германавіцкай сярэдняй школы. Асаблівая ўвага аўтараў праекта звернута на вывучэнне і даследаванне водных рэсурсаў: беражлівае расходаванне вады а таксама правядзенне маніторынгу якасці вады ў балоце “Ельня” – адным з самых вялікіх у Еўропе верхавых балотаў. Для размяшчэння будучага экацэнтра ў Германавіцкай сярэдняй школе выдзелена прасторнае памяшканне, у якім спачатку будуць праведзены рамонтныя работы.
У час сустрэчы за круглым сталом усе этапы далейшага супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Праграмы развіцця ААН абмеркавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, дырэктар ДУА “Германавіцкая сярэдняя школа” Людміла Георгіеўна Маркевіч і настаўніца біялогіі і геаграфіі, кіраўнік школьнага экалагічнага клуба “Юныя захавальнікі Ельні” Марына Аляксандраўна Фёдарава. Плануецца, што новы экалагічны цэнтр на тэрыторыі нашага раёна з’явіцца ў наступным навучальным годзе, на рэалізацыю праекта запланавана фінансаванне ў памеры каля 50 тысяч долараў. Адна з асноўных яго мэтаў, безумоўна, прыцягненне шырокіх колаў насельніцтва ( жыхароў нашага і іншых рэгіёнаў, навучэнцаў суседніх школ, бацькоў тых дзяцей, якія будуць займацца ў экацэнтры) да глабальных экалаг ічных праблем, у тым ліку да захавання рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” – унікальнага аб’екта запаведнага фонду Беларусі і Еўропы.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.


