У студзені споўнілася 80 год з дня нараджэння таленавітага беларускага гісторыка, археолага, фалькларыста і краязнаўцы Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага

Актуальное

231Нарадзіўся вучоны ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна. Юнацкія гады правёў у Маскве, дзе падчас вучобы ўзначальваў беларускае студэнцкае зямляцтва. Сустракаўся там з Уладзімірам Дубоўкам, Мікалаем Улашчыкам. Пасля заканчэння ў 1963 годзе Маскоўскага педагагічнага інстытута, вярнуўся ў Маладзечна. Тут, на радзіме, працаваў у абласным краязнаўчым музеі. Стварыў экспазіцыю, за якую пасля яго абвінавацілі ў нацыяналізме. У 1969 годзе атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка шкоднай для камуністычнага выхавання савецкіх людзей. Звольненага з пасады Генадзя Каханоўскага аднавілі на працы толькі дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля. Але ў далейшым нападкі на вучонага не спыняліся. Нягледзячы на перашкоды з боку ўлад, Каханоўскі стаў спачатку намеснікам, а потым і дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея. У 1979 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. А яшчэ праз два гады Генадзь Каханоўскі становіцца старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1992 годзе ён стаў доктарам гістарычных навук. Вучоны даследаваў развіццё археалогіі, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры ў Беларусі.
Генадзя Каханоўскага добра ведаў мой аднакурснік па БДУ Іван Саламевіч. Ён больш за 35 год сябраваў з ім, мог расказваць пра Генадзя бясконца. Іван Саламевіч адзначаў, што Генадзь Каханоўскі як вопытны музейны работнік выдатна ведаў, што такое краязнаўства, высока цаніў працу мясцовых аматараў даўніны, якія, як і ён, рупіліся, каб зберагчы мясцовыя помнікі гісторыі і культуры.
Генадзь Каханоўскі прыклаў шмат намаганняў і старанняў, каб нашы людзі ведалі сваё мінулае, шанавалі святыні, помнікі, архітэктурныя ансамблі. Дзякуючы яму была знойдзена мясціна, дзе летам 1911 года адпачываў Максім Багдановіч. Гэта вёска Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна. Генадзь Каханоўскі адкрыў яе ў 1965—1966 гадах. Па яго ж ініцыятыве ў чэрвені 1977 года тут устаноўлены мемарыяльны знак у гонар класіка беларускай літаратуры.
Манаграфія вучонага “Беларуская фалькларыстыка і эпоха феадалізму” — грунтоўны ўклад у гісторыю збірання і даследвання беларускай вуснапаэтычнай творчасці 16—19 стагоддзяў.
Генадзь Каханоўскі быў чалавекам энцыклапедычных ведаў. На любое складанае пытанне ён даваў грунтоўны адказ. Асабіста я добра ведаў гэтага выдатнага чалавека, сустракаўся з ім у архівах і бібліятэках Мінска. Ён дапамагаў мне ў зборы матэрыялаў для кнігі “Памяць. Шаркаўшчынскі раён.” Вучоны выдатна ведаў архівы Мінска і Вільнюса, падказваў, у якіх фондах можна знайсці той ці іншы матэрыял. Апошні раз я бачыў Генадзя Каханоўскага ў 1993 годзе на Першым з’ездзе беларусаў свету. У той час ён марыў пабываць у Германавічах, наведаць Браслаў, Міёры, Дзісну, трапіць на возера Ельня. Але, на жаль, праз паўгода перастала біцца сэрца гэтага выдатнага дзеяча беларускай культуры. Было Генадзю Каханоўскаму ўсяго толькі 58 год.
К. КОЖАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *