
Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі архіваў. Шаркаўшчынскі раённы архіў па асабоваму складу быў створаны 30 снежня 1999 года, амаль 12 гадоў таму назад. З першых дзён утварэння названай установы ў ёй працуюць вопытныя спецыялісты: загадчыца Надзея Фёдараўна Кукліна і вядучы архівіст Валянціна Пятроўна Гайдзель. Ад дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, ад індывідуальных прадпрымальнікаў, што спынілі сваю дзейнасць, жанчыны прымаюць дакументы, якія павінны захоўвацца пастаянна альбо часова (некаторыя з іх знаходзяцца ў архіве да 75 гадоў).
Спецыялісты архіва супрацоўнічаюць з 92 арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна розных форм уласнасці, аказваюць ім практычную і метадычную дапамогу ў вядзенні справаводства, даюць неабходныя кансультацыі. Пастаянна ажыццяўляецца работа з грамадзянамі. У асноўным, у архіў звяртаюцца людзі, якім перад выхадам на пенсію патрэбны даведкі аб рабоце: інфармацыя пра заработную плату і працоўны стаж.
Супрацоўнікаў архіва непакоіць, што не ўсе дакументы па асабоваму складу з ліквідаваных суб’ектаў недзяржаўнай формы ўласнасці трапляюць на захоўванне. У такім выпадку людзі, што працавалі ў гэтых арганізацыях, не могуць сабраць неабходны пакет дакументаў для пацвярджэння заработнай платы і працоўнага стажу пры афармленні пенсіі.
Яшчэ раз нагадаем, што установа “Шаркаўшчынскі раённы архіў па асабоваму складу” працуе з панядзелка па пятніцу з 8 да 17 гадзін без перапынку. Кантактны тэлефон арганізацыі 4-31-15.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ