Сустрэцца з Аляксандрам Вітальевічам Кірэем было не так проста. У вызначаны дзень, пасля 21 гадзіны, прыехалі да яго дадому. Аднак гаспадара не засталі. Жонка патлумачыла, што пасля таго, як закончыць сяўбу ў гаспадарцы, меў намер апрацаваць свае соткі. Так што чакаць не варта. Нягледзячы на тое, што восеньскі дзень кароткі і хутка змяркаецца, гаспадар імкнуўся выканаць запланаванае. Потым скажа, што і дзялку буракоў у гаспадарцы трэба дапамагчы жонцы ўбраць і свае соткі ўзараць. Гэта будзе рабіць пасля асноўнай работы. Тады можна і адпачыць. На наступны дзень Аляксандр Вітальевіч быў ужо ў мехмайстэрні гаспадаркі.
— Трэба кормаўборачную тэхніку паставіць на захоўванне. А ў зімовы час буду рамантаваць. Хто ведае, якое будзе надвор’е, калі адлучуся на пару дзён? — сказаў механізатар пры сустрэчы.
Аляксандр Вітальевіч Кірэй на рэспубліканскае свята працаўнікоў вёскі вылучаны ад раёна ў другі раз. У мінулым годзе быў на дажынках, якія праходзілі ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Тады ўраджанняў было шмат, бо ўсё было ўпершыню.
— Калі сказаць шчыра, — прызнаўся пры размове механізатар, — прыемна сустрэцца з такімі ж працаўнікамі, як і сам, пагутарыць з імі, падзяліцца сваімі ведамі і пераняць штосьці ад іх. Яшчэ уражваюць адносіны да чалавека працы — вялікая ўвага. А гэта так ганарова і пачэсна. На жаль, за два дні немагчыма ахапіць усё, што хацеў бы паглядзець і паслухаць. Гэта не тое, што сядзі сабе ў трактары, глядзі на зямную прастору і круці баранку.
А “накруціў” Аляксандр Вітальевіч, што пазайздросціць можна. На нямецкім комплексе “Ягуар-850” ён здрабніў (у пераліку на зялёную масу) 26188 тон кармоў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.
Кацярына СОСНА