Удзельнікі Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011»: механізатар ААТ «Жвіранка» Сяргей Курэц

Сельское хозяйство

30—1 кастрычніка ў горадзе Маладзечна прайшоў юбілейны пятнаццаты Рэспубліканскі фестываль-ярмарка працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”. На такі вялікі і знакавы форум былі запрошаны тыя, хто вызначыліся на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў. Быць удзельнікамі такога значнага форуму ад працаўнікоў нашага раёна заслужылі механізатары, якія дасягнулі высокіх вынікаў на нарыхтоўцы кармоў — Сяргей Генадзьевіч Курэц з ААТ “Жвіранка” і Аляксандр Вітальевіч Кірэй з КУВСП імя Маркава, а таксама дырэктар сельгаспрадпрыемства “Жвіранка” Андрэй Паўлавіч Пальчэх, дзе атрыманы самы высокі ў раёне ўраджай збожжавых культур і здадзена дзяржаве 729 тон 740 кілаграмаў піваварнага ячменю.
Напярэдадні паездкі на свята лепшых хлебаробаў сёлетняга жніва і нарыхтоўкі кармоў, мы пагутарылі з механізатарамі-дэлегатамі ад нашага раёна.
— Мяне здзівіла, разам з тым і абрадавала вестка аб тым, што я заслужыў такога вялікага гонару, — прызнаўся Сяргей Генадзьевіч Курэц. — Працаваў, як звычайна, увесь светлавы дзень, на сваім старэнькім трактары МТЗ-1221 ў счэпе з ПІМ-40 на адвозцы зялёнай масы.
— Як на старэнькім? — здзівілася. — І выйшаў у перадавікі вытворчасці не толькі ў раёне, а і ў вобласці (там заняў трэцяе месца) на зношанай тэхніцы?
— На гэтым трактары працую ўжо 15 гадоў, а прычэп — 26 гадоў у эксплуатацыі, — удакладніў механізатар. — Але тэхніка мая адладжаная і працуе, як гадзіннік.
— Тады, скажыце, як вы лічыце, у чым сакрэт, што змаглі перавезці за сезон у пераліку на зялёную масу 9461 тону кармоў? Больш гэтай лічбы ніхто не дасягнуў у раёне.
Сціпласці Сяргея Генадзьевіча можна пазайздросціць. Вось як ён разважае:
— Атрымалася так толькі таму, што я, напэўна, адзін з першых распачаў адвозку зялёнай масы. Дастаўляў яе на корм жывёле на жывёлагадоўчыя фермы. Калі наступіла ўборачная кампанія, адначасова працаваў і на камбайне, і кармы падвозіў. Але калі пачалася масавая нарыхтоўка кармоў, паставіў камбайн і перасеў на трактар, заняўся адвозкай зялёнай масы.
А пра тое, што працуе бездакорна, даручаную справу выконвае якасна і ў тэрмін — прамаўчаў. Менавіта за адказныя і добрасумленныя адносіны да працы  Сяргей Генадзьевіч заслужыў павагу ад кіраўніцтва гаспадаркі і раёна. Тое, што ён неаднаразова выходзіў у лідары працоўнага спаборніцтва, сведчаць шматлікія ўзнагароды. Пры падвядзенні вынікаў працы на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, уборцы збожжавых культур неаднойчы атрымліваў Ганаровыя граматы райвыканкама, аблвыканкама і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы.
Прыгадвае Сяргей Генадзьевіч, што ў пачатку сваёй працоўнай дзейнасці быў на дажынках, якія праходзілі ў Віцебску. А цяпер вось — дэлегат на рэспубліканскае свята ў Маладзечна. Такая ўвага да чалавека працы, як аванс на яшчэ лепшыя здабыткі.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *