Узаемападтрымка дапамагала выжыць

Актуальное

IMG_8788 (Копировать)Служба ў Афгане пакінула глыбокі след у жыцці кожнага воіна-інтэрнацыяналіста, незалежна ад таго, знаходзіўся там чалавек тыдзень, год ці нават больш. І гэты асаблівы перыяд ніколі ўжо не сатрэцца з памяці, бо ён назаўсёды ўрэзаўся ў сэрца кожнага, хто прайшоў дарогамі той вайны.

Для шаркаўчаніна Сяргея Юльянавіча Тарасёнка гэты перыяд доўжыўся амаль паўтары гады. У Афганістан 19-ці гадовы юнак трапіў зімой 1982 года. Перад  гэтым у Тэджэку (Туркменская ССР) прайшоў курс маладога байца. Служыць давялося ў горадзе Джэлалабад , на мяжы з Пакістанам, у спецназе  паветрана- дэсантных войскаў,  дзе быў механікам-вадзіцелем БМП. У маі 1984 года з медалём “ За баявыя заслугі” вярнуўся дадому. Пра тое, што перажыў на той вайне, Сяргей Юльянавіч, як і большасць воінаў-афганцаў, успамінаць не любіць. А вось пра сваіх саслужыўцаў і баявых сяброў расказвае з асаблівай цеплынёй, як пра родных людзей.

— Многае давялося ўбачыць на той вайне і перажыць разам. Таму і зараз, праз тры дзясяткі гадоў, стараемся не парываць сувязі, тэлефануем адзін аднаму, імкнёмся часцей сустракацца. Дзякуючы інтэрнэту рабіць гэта зараз стала намнога прасцей. Там, на той вайне, адносіны паміж людзьмі былі адкрытыя, крыштальна чыстыя. У экстрэмальных умовах кожны становіцца такім, які ён ёсць на самай справе. Таму і афганскае братэрства такое моцнае. Сустрэць земляка ў той час – гэта была ні з чым не параўнальная радасць. На люках ваеннай тэхнікі салдаты пісалі назвы родных гарадоў, убачыўшы якія, успыхвала надзея на хуткае вяртанне дадому, з’яўляліся сілы для таго, каб змагацца і выжыць. А дэмабілізаваўся я крыху пазней, чым было запланавана. Душманы ў чарговы раз захапілі адну з цяснін, якую неабходна было адстаяць. І мы затрымаліся, каб не адпраўляць на баявое заданне яшчэ зусім маладых салдат з новага папаўнення, бо без належнага вопыту такая аперацыя магла стаць для іх апошняй. Толькі так і можна было выжыць у той час, не пакідаючы адзін аднаго ў бядзе.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *