Свой юбілей 14 лютага будзе святкаваць Праскоўя Рыгораўна Рафаловіч

Актуальное

849Сярод тых, каму ў мінулым годзе ўручылі медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў” была і жыхарка гарадскога пасёлка, былая вязніца, ветэран працы Праскоўя Рыгораўна Рафаловіч. У нядзелю, 14 лютага, жанчына сустрэне свой юбілейны дзень нараджэння — 90 год. Адметная дата ў жыцці гэтага паважанага чалавека стала добрай нагодай, каб сустрэцца і крыху пагутарыць з Праскоўяй Рыгораўнай. А параіла нам напісаць пра юбіляра яе ўнучка Надзея.
Нарадзілася Праскоўя Рыгораўна на Смаленшчыне. У 1942 годзе жыхароў яе роднай вёскі, ад малога да старога, нямецка-фашысцкія захопнікі схапілі у палон, каб затым вывезці на прымусовыя работы ў Германію. Як успамінае жанчына, карнікі гналі іх пешшу на адлегласць у сто кіламетраў да горада Ярцава. Адтуль, пасадзіўшы палонных у таварныя вагоны, цягніком павезлі на захад. Канчатковым пунктам прабывання стаў беларускі горад Слуцк. Як аказалася, 16-гадовая дзяўчына, а менавіта столькі было Праскоўі Рыгораўне на той момант, трапіла ў Беларусь, каб застацца тут назаўсёды.
Жанчыне цяжка гаварыць пра тыя здзекі, злачынствы і нечалавечыя паводзіны, якія чынілі над імі ў лагеры. Холад, голад, расстрэлы ні ў чым невінаватых людзей сталі асноўнымі прычынамі гібелі тысяч рускіх. Выжыць дапамаглі маладосць, вера і надзея на лепшае будучае. Палонных з лагера ў хуткім часе падзялілі на тры часткі. Першую накіравалі ў Германію, другую — у Польшчу, трэцяя група, у якую трапіла і Праскоўя Рыгораўна, адпраўлена была ў Паставы.
Бадзяжным і батрацкім было далейшае яе жыццё. Працавала на гаспадароў, каб зарабіць чэрствы кавалачак хлеба, выконвала любую работу, у тым ліку і цяжкую мужчынскую. Некаторы час жыла ў Кейзіках, што на Пастаўшчыне, затым у Лабуцях. А ўжо ў мірны час трапіла ў Шаркаўшчыну, выйшла замуж за воіна-франтавіка Уладзіміра. Разам з ім пабудавалі дом, у сям’і нарадзілася двое дзяцей: сын — Сяргей і дачка — Валянціна.
90-гадовы юбілей Праскоўя Рыгораўна сустрэне ў акружэнні сына і дачкі, чатырох унукаў і ўнучак, пяці праўнукаў і праўнучак.
— Вельмі цудоўна, што мае родныя пражываюць побач, маюць магчымасць часцей мяне адведваць, — кажа жанчына. —Але найбольш радуе ўнучка Надзейка, яна для мяне — апора ў жыцці. Кожны дзень прыязджае, займаецца хатнімі клопатамі, турбуецца за стан майго здароўя. Маладому пакаленню хачу даць наказ, каб клапаціліся пра сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль, бо толькі іх пільная ўвага і сардэчныя адносіны з’яўляюцца сакрэтам нашага даўгалецця.
Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *