Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 27-годдзю вываду Савецкіх войскаў з Афганістана прайшлі па ўсёй краіне, у тым ліку і на тэрыторыі нашага рэгіёну. Кожны год мы ўзгадваем гэту асаблівую дату, як напамін людзям пра трагічныя падзеі той вайны і ўшаноўваем памяць тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, што не вярнуліся з Афганістана.
Напярэдадні Дня памяці на сустрэчу са старшынёй Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіліем Савічам Протасам у наш гарадскі пасёлак завіталі вучні Більдзюжскай сярэдняй школы. Пачалося мерапрыемства ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, да падножжа якога юнакі і дзяўчаты прынеслі жывыя кветкі. Удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане 1983-1985 гадоў Васілій Савіч Протас расказаў дзецям пра памятнае месца, адкрытае ў 2011 годзе ў гонар воінаў-афганцаў і нагадаў пра вялікія страты, што прынесла з сабою вайна на чужой зямлі. Цікавым для маладога пакалення, безумоўна, быў аповед пра баявую тэхніку перыяду афганскай вайны – баявую машыну дэсанта і баявую разведвальную машыну, якія размешчаны на тэрыторыі памятнага месца воінам-інтэрнацыяналістам.
Прадоўжылася сустрэча ў раённай дзіцячай бібліятэцы, у ходзе якой старшакласнікі многае даведаліся пра падзеі вайны ў Афганістане і пра службу нашых землякоў ў гэты складаны перыяд. Напрыканцы мерапрыемства, у знак удзячнасці, вучні Більдзюжскай сярэдняй школы падарылі ветэрану афганскай вайны Васілію Савічу Протасу памятны сувенір, зроблены сваімі рукамі, і падзякавалі за такую цікавую размову.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.