Задача культработнікаў — дарыць людзям добры настрой. Інтэрв’ю з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Інай Мар’янаўнай Шынкевіч

Актуальное

9 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры. У гэтай сферы, як вядома, працуюць таленавітыя, цікавыя і творчыя людзі. Мэта іх работы — дарыць людзям прыемныя імгненні, добры настрой. І яшчэ адна адметная рыса прафесіі — занятасць у святочныя і выхадныя дні: калі большасць людзей адпачываюць, культработнікі працуюць. З нагоды надыходзячага свята давялося сутрэцца з начальнікам аддзела культуры райвыканкама І. М. Шынкевіч, каб пагутарыць пра лепшых работнікаў названай сферы, узгадаць некаторыя мерапрыемствы раённага жыцця, даведацца пра планы.
— Іна Мар’янаўна, сфера культуры Шаркаўшчынскага раёна — гэта…
—    53 установы культуры. А менавіта — 21 установа клубнага тыпу, 23 бібліятэкі, 2 музеі, дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтр рамёстваў, метадычны цэнтр, дом ганчара, аўтаклуб і бібліобус. У нашай галіне працуюць 182 чалавекі.
—    Давайце назавём лепшых.
—    У кожнай установе працуюць адданыя сваёй справе людзі. З лепшага боку можна адзначыць Германавіцкі цэнтр народнай творчасці (дырэктар Вольга Іванаўна Сташкевіч), Верацееўскі цэнтр культуры і адпачынку (Алена Леанідаўна Цітовіч), Іёдскі дом культуры (Аляксандр Рамуальдавіч Пупін), Навасёлкаўскі дом культуры (Аксана Чаславаўна Міронава).
Сярод бібліятэк можна вылучыць Іёдскую (Галіна Парфір’еўна Яблонская), Германавіцкую (Ірына Віктараўна Абламава), Ручайскую (Вольга Чаранок), Лужкаўскую (Ірына Іосіфаўна Машара), раённую (Таццяна Райчонак). Прафесіяналізмам вылучаюцца Людміла Сомава і Ірына Груніна з цэнтра рамёстваў, Жанна Пундзіс і Марыя Рабіза з раённага Дома культуры.
Хацелася б выказаць падзяку за актыўны ўдзел ў раённых і абласных святах, а таксама за належнае прадстаўленне раёна на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” Галіне Аляксееўне Русачонак, Жанне Леанідаўне Русак, Вікторыі Казіміраўне Дубоўскай, Святлане Юльянаўне Васюк, Надзеі Іванаўне Вайцюль.
—    Іна Мар’янаўна, а як увогуле сітуацыя з кадрамі?
—    У нас працуюць вопытныя работнікі, якія перадаюць сваё майстэрства маладым. У гэтым годзе 15 супрацоўнікаў вучацца на завочных аддзяленнях самых розных спецыялізаваных навучальных устаноў. Трэба рыхтаваць уласныя кадры, бо прыезджыя спецыялісты надоўга не затрымліваюцца. Сёлета да нас па размеркаванні прыбылі тры маладыя спецыялісты.
—    Скажыце, якія метады і формы работы зараз найбольш папулярны?
—    Як і заўсёды — дыскатэкі і канцэрты. Робім усё магчымае, каб зрабіць нашы дыскатэкі больш цікавымі і насычанымі, каб прыцягнуць моладзь. Канцэртныя праграмы таксама ўдасканальваюцца.
Не страчваюць сваёй актуальнасці такія формы работы, як абслугоўванне дамоў сацыяльных паслуг, аддаленых вёсак, што вельмі важна для пажылых людзей. Культработнікі наведваюцца з мініканцэртамі ў пакоі жывёлаводаў на малочна-таварныя фермы, на мехдвары.
—    А якія святы найбольш папулярны ў жыхароў раёна?
—    Усім падабаюцца масавыя народныя гулянні на Купалле і Новы год.увогуле, па апытаннях, ведаем, што ўсе святкаванні патрэбны, бо яны маюць сваю аўдыторыю. Дарэчы, падзялюся планамі. У нас ёсць задума правесці ў Германавічах Пакроўскі фэст, які ў далейшым можа стаць сапраўдным брэндам раёна ў галіне культуры. Пакуль гэта будзе раённае свята. Затым плануем запрашаць да ўдзелу гасцей з суседніх раёнаў. Застаецца спадзявацца, што Пакроўскі фэст атрымае ў Германавічах пастаянную прапіску.
—    Вашы пажаданні з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры.
—    Паважаныя калегі, жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага цяпла і шчасця. Хай натхненне не пакідае вас. Дарыце людзям радасць!
І, канешне, хочацца адрасаваць самыя цёплыя словы нашым ветэранам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку: мы помнім вас і вялікі дзякуй за працу, паважаныя!
— Дзякуй за размову. Са святам вас, Іна Мар’янаўна!
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *