
Агародныя культуры на значнай плошчы высаджваюцца ў КУВСП “Гарадзец”. Гэта — сталовыя буракі, капуста, морква. Землі тутэйшай гаспадаркі больш лёгкія па механічнаму саставу і падыходзяць для вырошчвання агародніны. Сёлета нядрэнная вырасла капуста, сярэдняй велічыні сталовыя буракі (35 тон нарыхтавалі), ну, а морква расла, як на дзіва, вялікая. Пасеяна яна была ў сельгаспрадпрыемстве на 10-гектарнай плошчы. Убіраць давялося ўсяму раёну. Напрыклад, 6 кастрычніка на дапамогу гаспадарцы прыехала з прадпрыемстваў і арганізацый раёна 300 чалавек, 27 маладых хлопцаў прыбылі з Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, працавалі мясцовыя рабочыя. Словам, на полі было звыш 350 чалавек. Моркву “разганялі” бульбакапалкамі механізатары Васілій Асіпёнак, Ігар Цітовіч і Сцяпан Малчун. Следам людзі абразалі расты і складзіравалі моркву ў кучкі. Пры наяўнасці тэхнікі прадукцыя пагружалася ў трактарныя прычэпы і адвозілася ў памяшканне зернесклада.
Пасля пераборкі буртоў па фракцыях, частка пойдзе на корм свінням, лепшая, затараная ў сеткі, адправіцца для рэалізацыі, 30 тон здольны пераапрацаваць наш кансервава-агароднінасушыльны завод.
Варта нагадаць, што ў першы дзень уборкі было назапашана 90 тон багатых карацінам каранёў.
Кацярына СОСНА
