Іван Пятровіч і Рэгіна Іосіфаўна Кабакі з Вялікага Сяла адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця

Актуальное

Іван Пятровіч і Рэгіна Іосіфаўна Кабакі
Іван Пятровіч і Рэгіна Іосіфаўна Кабакі

Парог бацькоўскай хаты, праз які пераступаеш, вярнуўшыся з далёкіх мясцін, і адчыненыя дзверы ў мілы сэрцу дом — найвялікшае шчасце для сыноў і дочак, якія нібы тыя птушкі разляцеліся па свеце пасля заканчэння школы. Пачуццё глыбокай еднасці, павагі і настальгіі па малой радзіме прыходзіць з гадамі. Яно непарыўна звязана з непамернай любоўю да сваіх бацькоў. Меркаванне гэта бясспрэчнае.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Таццяна Іванаўна — дачка Рэгіны Іосіфаўны і Івана Пятровіча Кабакоў з аграгарадка Вялікае Сяло. Жанчына з сям’ёй пражывае ў гарадскім пасёлку Ліёзна, але па меры магчымасцей наведваецца ў родную вёску. Чарговай нагодай для прыезду стала святкаванне “брыльянтавага” вяселля яе таты і мамы.

Гасцінны бацькоўскі дом у той дзень сабраў родных, сяброў, суседзяў і знаёмых Рэгіны Іосіфаўны і Івана Пятровіча. Завіталі да “брыльянтавых” юбіляраў і старшыня Германавіцкага сельскага Савета Алена Рубін, загадчыкі мясцовых сельскага клуба і бібліятэкі Алеся Русецкая і Ала Пугаўка. Яны павіншавалі паважаных у вёсцы людзей, падарылі кветкі, а яшчэ выканалі песню “Судьба” з рэпертуару Надзеі Кадышавай, якую вельмі любяць слухаць Рэгіна Іосіфаўна і Іван Пятровіч.

Жыццёвая біяграфія юбіляраў ні ў чым не адрозніваецца ад лёсаў іх аднавяскоўцаў. Абодва яны нарадзіліся ў сельскай мясцовасці: Іван Пятровіч — вялікасельскі, а Рэгіна Іосіфаўна з’явілася на свет у суседняй з намі Міёршчыне. Затым яе бацькі пераехалі ў вёску Падоршчына. Гэты населены пункт размяшчаўся паміж Шышкамі і Атокамі. Блізкая адлегласць паміж вёскамі і пасадзейнічала знаёмству маладых Рэгіны і Івана. Не доўга сябраваў хлопец з дзяўчынай, у хуткім часе зрабіў ёй прапанову выйсці за замуж, бо яскрава ўсведамляў, што такую прыгажуню могуць заручыць з іншым. Вяселле згулялі яны 13 лютага 1956 года.

Іван Пятровіч спачатку шчыраваў у германавіцкай МТС, а пасля яе расфарміравання — шафёрам у райсельгастэхніцы. Жонка вяла справаводства ў канторы мясцовага калгаса. Усё жыццё пражылі яны ва ўласна пабудаваным доме, які, нягледзячы на час, вельмі дагледжаны, а галоўнае, як мы ў гэтым самі ўпэніліся, гасцінны, бо ў ім ёсць атмасфера дабрыні і ўтульнасці.

60-годдзе сумеснага жыцця — выдатная нагода, каб у цесным сямейным коле сабрацца іх родным: дачцэ, сыну, двум ўнукам і дзвюм ўнучкам. Сабрацца, каб пажадаць мілым сэрцу людзям доўга і шчасліва разам крочыць па жыццёвай дарозе.

"Брыльянтавыя" юбіляры ў акружэнні сваіх родных
«Брыльянтавыя» юбіляры ў акружэнні сваіх родных

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *