А тым боольш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Яўгенія Янішчыц.
Як зрабіць навучальны працэс больш цікавым, а вывучэнне многіх школьных прадметаў паспяховым, добра ведаюць вучні і педагогі Вялікасельскай сярэдняй школы, якія з 15 па 20 лютага ў сваёй навучальнай установе арганізавалі і правялі “Тыдзень беларускай мовы і літаратуры”. У сувязі з гэтым там праходзілі інфармацыйныя гадзіны, конкурсы, хвіліны беларускага чытання, інтэрактыўная гульня “ПрайдзіСвет” і літаратурная сустрэча “Знаёмцеся! Нобелеўскі лаўрэат: шматгалоссе Святланы Алексіевіч”, якія дазволілі дзецям пашырыць свой кругагляд, праявіць творчыя здольнасці а таксама ўсвядоміць, што “з усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову святынi народа, бяссмерця яго… выткана, дзiўная родная мова”.
Адным з самых яркіх мерапрыемстваў прадметнага тыдня стала адкрыццё выставы мастакоў-землякоў “Калі рукаюцца душы”, прысвечанай памяці Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, удзел у якой прынялі вучні з 1 па 11 клас. “Дажыць да зялёнай травы” – кнігу з такой назвай Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін пісалі 43 гады. У ёй сабраныя лісты, вершы, прысвячэнні малюнкі, якія з 1960 да 2003 года сябры адрасоўвалі адзін аднаму. Менавіта сяброўству двух вялікіх беларускіх літаратараў і была прысвечана выстава мастакоў, у тым ліку і нашых шаркаўшчынскіх, прэзентацыю якой напярэдадні Дня беларускай мовы разам са сваімі педагогамі падрыхтавалі і правялі вучні Вялікасельскай сярэдняй школы. На выставе былі прадстаўлены работы “Сябры” Аляксандра Шыёнка (Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін), “Антаніна” Яўгена Ліпскага (партрэт Антаніны Іванаўны, загадчыцы музея, размешчанага ў адноўленай сядзібе Васіля Быкава), “Вяскоўцы” Віктара Крука, некаторых іншых таленавітых мастакоў. А правядзенне такога цікавага мерапрыемства ў агульнаадукацыйнай сярэдняй школе стала магчымым дзякуючы падтрымцы былой настаўніцы, грамадскага дзеяча і заснавальніцы трох музеяў у аграгарадку Германавічы Ады Эльеўны Райчонак, якая ў прыватным літаратурна-мастацкім музеі імя Міхася Райчонка сабрала і захавала шмат цікавых мастацкіх работ, кніг з аўтографамі аўтараў і шмат цікавых гісторый. Менавіта Ада Эльеўна і прадаставіла навучальнай установе унікальныя экспанаты для адкрыцця выставы, расказала дзецям многа цікавых фактаў пра жыццё і творчасць Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, з якімі была асабіста знаёмая. У дзень адкрыцця выставы перад вучнямі выступіў і сам аўтар работы “Сябры”, наш шаркаўшчынскі мастак Аляксандр Сяргеевіч Шыёнак.
Дзякуючы сумеснай дзейнасці настаўнікаў, вучняў і запрошаных гасцей мерапрыемства атрымалася цікавым, пазнавальным і вельмі спадабалася ўсім прысутным. А арганізатарамі яго правядзення ў Вялікасельскай ДС-СШ сталі дырэктар навучальнай установы Юрый Часлававіч Матуль, яго намеснік Ірына Рычардаўна Рымдзёнак і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Васілій Васільевіч Рымдзёнак.