Удзельнікі Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011»: дырэктар ААТ «Жвіранка» Андрэй Пальчэх

Сельское хозяйство

Пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія забяспечылі выкананне задання па пастаўцы піваварнага ячменю ў залік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, стала адкрытае акцыянернае таварыства “Жвіранка”.
За атрыманнем узнагароды на дажынкі ў горад Маладзечна быў запрошаны кіраўнік гаспадаркі Андрэй Паўлавіч Пальчэх. Аб уражаннях, атрыманых на свяце, і пра сённяшнія справы мы даведаліся ў дырэктара сельгаспрадпрыемства, калі прыехалі ў гаспадарку.
А. П. Пальчэх узначальвае калектыў з сакавіка 2006 года. І, як прызнаўся пры размове, на форум такога ўзроўню трапіў упершыню: “Таму было шмат уражанняў — усё цікава, узнёсла і хвалююча. Пасля такой увагі хочацца працаваць яшчэ з большым натхненнем, шукаць новыя шляхі для паляпшэння якасці і прадукцыйнасці працы і дабрабыту вяскоўцаў”.
Асабліва хваляваўся, калі даведаўся, што сертыфікат на 30 мільёнаў рублёў будзе ўручаць яму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Зразумела, што тым самым адзначана праца ўсіх хлебаробаў сельгаспрадпрыемства. Таму, як сказаў Андрэй Паўлавіч, гэтыя сродкі будуць размеркаваны паміж працуючымі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у вырошчванні сельгаскультур, у прыватнасці, піваварнага ячменю. Гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, на свяце, пры падвядзенні вынікаў работы сельскагаспадарчага года.
Дарэчы, ячмень, у тым ліку і піваварны, у гаспадарцы вырошчваюць кожны год. Аднак рэалізоўвалі яго дзяржаве ў невялікіх аб’ёмах. А калі на дзяржаўным узроўні яму сталі надаваць большую ўвагу, тут і прыкладвалі ўсе намаганні, каб дасягнуць добрых паказчыкаў.
Ячмень гатунку “бровар” элітным насеннем быў пасеяны на плошчы 700 гектараў. На 400-гектарнай плошчы ўдзялілі больш клопатаў, каб там па параметрах атрыманае зерне прыгодна было для прыгатавання піва. А гэта значыць, вызначаўся яго колер, жыццяздольнасць, утрыманне бялку і іншае. Такога ячменю рэалізавалі дзяржаве каля 730 тон.
Зразумела, што ўсе поспехі гаспадаркі ствараюць людзі, якія там працуюць. Напрыклад, Віктар Цімафееў на нямецкім агрэгаце фірмы КЛААС з сеялкай “Амазонэ” запісаў на свой рахунак большасць пасеянных плошчаў сельгаскультур, на ўзорванні і апрацоўцы глебы першынство ў спаборніцтве трымалі Алег Андруковіч і Віктар Дулінскі, восеньскія работы праводзілі Уладзімір Мядзюха і Сяргей Марушчак, на нарыхтоўцы кармоў — Пётр Бездзель і Арсен Калінка, на адвозцы зялёнай масы — Генадзій Жойдзь і Сяргей Курэц. Дарэчы, Сяргей Генадзьевіч заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве і быў удзельнікам дажынак. Атрымаў там Ганаровую грамату і ў падарунак — тэлевізар і шмат-шмат добрых уражанняў.
Дзякуючы ўсяму зладжанаму калектыву працуючых, у гаспадарцы намалацілі 7,1 тысячы тон зерня, замест леташніх 5,5, пры ўраджайнасці 36,3 цэнтнера з гектара, назапасілі каля 27 тысяч тон сіласу з кукурузы. На 30 гектарах выбралі караняплоды, кожны гектар бульбы даў каля 200 цэнтнераў. Вялікую дапамогу ў выкананні рознага віду работ аказвае дзяржава. Па льготных крэдытах атрымлівалі паліва, мінеральныя ўдабрэнні. Набылі за дзяржаўныя сродкі новенькія чатыры камбайны, бульбаўборачны комплекс і шмат іншай тэхнікі.
— Калі працаваць шчыра, то зямля ніколі не здрадзіць сельскаму працаўніку, — сказаў у заключэнні Андрэй Паўлавіч Пальчэх.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *