Вечная прафесія — быць самай лепшай маці для сваіх дзяцей

Актуальное

Жанна Мікалаеўна са сваімі дочкамі Надзяй і Любай

— Наша сям’я, як і Радзіма, пачыналася з чыстага ліста — блакітнага неба, на якім біліся два сэрцы, аб’яднаныя каханнем. А цяпер нас ужо чацвёра. Бацька і маці, мая сястрычка Люба і я…
Так прадстаўляла сваю сям’ю Надзея Булкіна на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў Віцебскага прадпрыемства «Фармацэя», падраздзяленнем якога з’яўляецца раённая цэнтральная аптэка № 102, дзе  працуе правізарам гераіня нашага матэрыялу —  Жанна Мікалаеўна Булкіна. Дарэчы, на тым конкурсе шаркаўшчынская сям’я вельмі спадабалася журы і заняла амаль усе першыя месцы: лепшы індывідуальны выканаўца, лепшая сям’я і лепшы самадзейны калектыў. Сваю ролю у перамозе сыграла тое, што Надзя закончыла школу мастацтваў, добра грае на акардэоне, нумар на якім яна і выканала. Таксама патрабавалася спяваць, танцаваць, чытаць вершы. Праблем з усім гэтым у творчай сям’і Булкіных не ўзнікла.  Да таго ж , болей сур’ёзна падрыхтавацца да конкурсу дапамагла выкладчыца школы мастацтваў Ала Міхайлава.

на конкурсе ў Віцебску: (злева направа) Ігар Віктаравіч, Надзя, генеральны дырэктар прадпрыемства "Фармацэя" Юрый Браніслававіч Вайцяховіч, Жанна Мікалаеўна

— Дочкі ў мяне ад мужа Ігара Віктаравіча атрымалі ў спадчыну схільнасць да творчасці, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — Ён і спяваць добра можа і так, увогуле, у яго характар вясёлы. Летам Надзя закончыла школу мастацтваў, цяпер разам з маленькай Любай займаюцца ў гуртку «Маленькая фея» Веры Мяфодзьеўны Шуман. Я ж стараюся перадаць ім працавітасць. Ну і трэба сказаць, яны — не лайдачкі. У нас свой дом, мы хочам, каб каля яго было прыгожа, таму работы на падворку і ў агародзе хапае. Любім з дочкамі займацца кветкамі, у нас шмат сартоў лілей расце. Увогуле, лічу, што мы — дружная сям’я, усюды стараемся быць разам, можам па  грыбы пайсці, часта ездзім у паездкі, былі ў Бярэзінскім запаведніку, на Браслаўшчыне. Вядома, выхаванню трэба надаваць вялікую ўвагу і абавязкова знаходзіць час, каб проста быць разам са сваімі дзецьмі, размаўляць з імі, пытацца пра іх праблемы, дапамагаць, накіроўваць.
З павагай гаворыць Жанна Мікалаеўна пра сваю маці Раісу Іванаўну Андзілеўка, выказваючы словы падзякі за  дабрыню, пяшчоту, любоў, якіх не шкадавала тая пры выхаванні і не шкадуе цяпер для сваёй ужо дарослай дачкі. А яна яе таксама не забывае і вельмі часта, бывае, што і кожны дзень, наведваецца са сваёй сям’ёй да яе ў госці ў  Вялікае Сяло. «Яна ў мяне — самая лепшая, абавязкова пра гэта напішыце,» — просіць напрыканцы размовы Жанна Мікалаеўна. А мы і не спрачаемся. Такая ўжо вечная “прафесія” у кожнай жанчыны — быць самай лепшай маці для сваіх дзяцей.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *