У ААТ «Ельня-Агра» рыхтуюцца да пасяўной

Сельское хозяйство

механізатар Іван Шышковіч
механізатар Іван Шышковіч

У гаспадарках раёна ідзе рамонт трактароў, прычапных агрэгатаў, сеялак да вясенняй пасяўной кампаніі. Яно зразумела — як будзе падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка, такі і ўраджай збяруць аграрыі восенню. Гэта звыклае правіла дасканала ведаюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Ельня-Агра”.
— Яшчэ з канца мінулагодняй восені, калі тэхніка была пастаўлена на захоўванне, пачаўся яе рамонт, — тлумачыць галоўны інжынер гаспадаркі Вячаслаў Буда. — У нашым сельгаспрадпрыемстве 2 энерганасычаныя трактары МТЗ-3022, 12 — МТЗ-1221 і 82. На перыяд корманарыхтоўкі задзейнічаем два Т-150. Маецца іншая тэхніка. Цяпер заканчваем рамонт трактароў у мехмайстэрнях. Паралельна мяняем запасныя часткі на прычапных агрэгатах — культыватарах, дыскатарах, сеялках. Механізатары нашы ўсе пабывалі ў працоўных водпусках, таму і рамонтныя работы на сённяшні дзень ідуць спешным ходам.
Сапраўды, ужо ў сярэдзіне лютага тут заканчвалі рамонт трактароў МТЗ-1221 і 82. Юрый Язёнак выконваў устаноўку дадатковага такарнага станка, бо большасць дробных запасных частак — гаек, балтоў — вырабляюць самі, тым самым эканомяць грашовыя сродкі. На тэрыторыі машыннага двара давадзіў да ладу дыскатар АД-600 “Рубін” вопытны механізатар Іван Шышковіч. Ён пяты сезон працуе на энерганасычаным трактары МТЗ-3022. У пары з Уладзімірам Філічам яны на сваіх магутных сталёвых конях выконваюць асноўныя віды работ на палетках: узорваюць глебу, праводзяць яе перадпасяўную падрыхтоўку.
Аграрыяў ААТ “Ельня-Агра” вясенняя пасяўная не застане знянацку. Тут упэўнены, што важную сельскагаспадарчую кампанію яны правядуць на належным узроўні.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *