Кастрычнік — час, калі наступае апошняя актыўная фаза падчас завяршэння асноўных сельскагаспадарчых работ. Вось-вось усе віды работ скончацца, і на вёсцы наступіць адноснае зацішша. Пра тое, як ідуць справы ў раслінаводстве і з якімі вынікамі завяршае сельскагаспадарчы год ААТ “Жвіранка” вырашылі даведацца ў галоўнага агранома гаспадаркі А. М. ЗАЛЯЦІЛА. Прыбыўшы на мехдвор у Більдзюгах у 8.15, удалося заспець Анатолія Міхайлавіча. Галоўны аграном накіроўваўся на поле. Для таго, каб расказаць пра стан спраў, “тэхнолагу палёў” давялося затрымацца на хвілін 15—20.
— Уборка ў ААТ “Жвіранка” завершана. Агульная ўраджайнасць склала 36,3 ц/га. Азімая пшаніца давала і па 45 ц/га. Перасяваюцца азімыя трыцікале і рапс. Участкі, якія захаваліся, — ушчыльняюцца. Названыя захады дазваляюць спадзявацца на добры ўраджай.
Зараз працуюць дзве “Расы” — запраўляюць глебу мінеральнымі ўдабрэннямі.
Радуе, што гаспадарка атрымала нядрэнны ўраджай зерневых: з 1972 гектараў намалот склаў больш 7 тыс. тон. У мінулым годзе пры ўраджайнасці 28 ц/га атрымалі 6 тыс. тон. План па льну выкананы. Са 100 га атрымалі больш 100 тон ільнавалакна.
Убралі кукурузу з плошчы 1190 га. Ураджайнасць склала 320 ц/га. Большасць пайшло на сілас, якога нарыхтавана больш за 26 тыс. тон.
Убрана бульба з 70 га. Ураджайнасць склала 180 ц/га. Такім чынам гаспадарка атрымала 1.300 тон “другога хлеба”. На захоўванне закладзена 500 тон семянной бульбы.
Праведзена ачышчэнне пасяўнога матэрыялу да восеньскай пасяўной. Азімыя пасевы ў ААТ “Жвіранка” выглядаюць наступным чынам: 474 га — азімай пшаніцы, 771 га — азімага трыцікале, 175 га — азімага жыта, 350 га — азімага рапсу, 30 га — азімай сурэпіцы.
У аптымальныя тэрміны праводзіцца хімпраполка. Працэс спыняецца толькі тады, калі дажджы перашкаджаюць.
Увогуле, ААТ “Жвіранка” нядрэнна завяршае сельскагаспадарчы год. Спецыялісты, занятыя ў раслінаводстве, добра папрацавалі. Кожны ўнёс пасільны ўклад у агульную справу. Трэба адзначыць, што галоўны аграном А. М. Заляціла напружана працаваў, кіраваў спецыялістамі. Анатолій Міхайлавіч на пасадзе галоўнага агранома з 1983 года (пэўны час быў начальнікам аддзялення) і справу сваю ведае. А гэта дазваляе спадзявацца на добры ўраджай 2012 года.
Аляксандр БАРЫЛА
