У Шаркаўшчынскім раёне прайшоў сёмы конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў

Сельское хозяйство

Сёмы раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў у гэтым годзе праходзіў 5 і 6 кастрычніка на базе вучэбна-курсавога камбіната упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Адразу хачу падзякаваць кіраўнікам гэтых калектываў Івану Іосіфавічу Ставіцкаму і Аляксандру Леанідавічу Вароне за ўсялякую падтрымку і дапамогу ў правядзенні яркага прафесійнага форума.

суддзі спаборніцтваў

Арганізатары конкурсу — упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел па справах моладзі імкнуліся прыцягнуць увагу моладзі да рэалізацыі аграрнай палітыкі дзяржавы, эфектыўнага выкарыстання тэхнікі і абсталявання, прапаганды перадавога вытворчага вопыту, павышэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі моладзі і замацавання яе на сяле.
У першы конкурсны дзень спаборнічалі маладыя механізатары, што працуюць на машынна-трактарных агрэгатах “Беларус-1221” з абаротнымі плугамі ППО 4-40. На ўрачыстым адкрыцці раённых спаборніцтваў дзяржаўны флаг узнімаў прызёр мінулагодняга конкурсу, малады механізатар ААТ “Жвіранка” Мікалай Зюзелеў. Намеснік старшыні райвыканкама Галіна Фёдараўна Волах пажадала ўсім канкурсантам поспеху, найлепшым чынам заявіць аб сабе і ў поўнай меры праявіць сваё прафесійнае майстэрства.
На першым этапе спаборніцтваў сем маладых механізатараў

на ўрачыстым пастраенні ў першы дзень конкурсу

прадэманстравалі рабочую форму і эмблемы, затым прыступілі да практычнай часткі падрыхтоўкі машынна-трактарных агрэгатаў да ворыва. Напачатку, у якасці паказальнай, гэта аперацыя была праведена на прыкладзе аднаго з механізатараў з дапамогай судзейскай калегіі. А ўжо потым канкурсанты ўсё выконвалі самастойна. На жаль, працэс гэты зацягнуўся, бо амаль дзве гадзіны конкурснага часу давялося патраціць на раскручванне заржавелых гаек навясной сістэмы трактараў і рэгуліровачных механізмаў плугоў — слаба спрацавала інжынерная служба сельгаспрадпрыемстваў па падрыхтоўцы тэхнікі да конкурсу. У канчатковым выніку прэтэнзій не было толькі да машынна-трактарнага агрэгата ААТ “Даватарскі”. А рэгуліровачных калодак для настройкі глыбіні ворыва не прывёз ніхто. Нас выручыў вучэбна-курсавы камбінат, і падрыхтоўка да ворыва была праведзена па ўсіх тэхналагічных правілах. У гэтым выпрабаванні лепшы рэзультат прадэманстраваў Павел Марозаў з ААТ “Буеўшчына”.
Конкурс паказаў, што нашым маладым механізатарам патрэбна больш працаваць над тэарэтычнай падрыхтоўкай. Лепшым у тэарэтычным выпрабаванні стаў Дзмітрый Шапавалаў з КУВСП “Гарадзец”, ён правільна адказаў на 56 пытанняў са 100 магчымых.
Самы галоўны этап конкурснай праграмы — ворыва. На прыкладзе Дзяніса

механізатар ААТ “Даватарскі” Дзяніс Кляпко правярае тэхніку перад пачаткам конкурсных выпрабаванняў

Кляпко з ААТ “Даватарскі” судзейская калегія паказала, як правільна праводзіць прыворванне плугоў, як дасягаецца неабходная глыбіня, прамалінейнасць і шырыня захвата, якасць работы плуга, каб “сценкі” баразны былі вертыкальнымі і не асыпаліся, а дно — роўным, каб пласт глебы быў падрэзаны цалкам, а абгортванне было не менш за 120 градусаў, каб пласты шчыльна і роўна прымыкалі адзін да аднаго, а грабяні і барозны былі выяўнымі, аднароднымі па велічыні і форме і размяшчаліся на аднолькавай адлегласці. Асаблівая ўвага звярталася на захоўванне патрабаванняў аховы працы.

Уладзімір Ермашкевіч прадстаўляў ААТ "Юдыцына"

Некаторыя механізатары прыехалі на конкурс на трактарах з устаноўкай колаў на вузкую каляіну. Звярнуўшы ўвагу на працу сваіх калег,якія аралі на трактарах з шырокай каляінай, яны змаглі пераканацца ў наступным: нават валодючы дастатковым майстэрствам, якасна заараць на трактарах з вузкай каляінай практычна немагчыма. Некаторыя канкурсанты не звярнулі належнай увагі на прыворванне плугоў, і гэты факт у наступным адбіўся на канчатковым выніку.
Лепш за іншых з пастаўленай задачай справіўся Мікалай Зюзелеў (ААТ “Жвіранка”), які і ў агульным выніку заняў пазіцыю лідара. Практычна “на пяткі яму наступаў” Дзяніс Кляпко з ААТ “Даватарскі”, гэты малады чалавек упершыню прымаў удзел у раённым прафесійным марафоне. Ён заняў другое месца. На трэцяй прыступцы п’едэстала замацаваўся Дзмітрый Шапавалаў з КУВСП “Гарадзец”.
Усе удзельнікі конкурснай праграмы прайшлі добрую прафесійную падрыхтоўку, дэманструючы пры гэтым жаданне палепшыць якасць сваёй працы.
Другі конкурсны дзень сабраў пад крыло ўсю маладзёжную эліту механізатараў раёна, якія працуюць на самых сучасных машына-трактарных агрэгатах “Беларус 3022” з абаротнымі плугамі ППО 8-40.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуўся першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Георгіевіч Лабуць. Права ўзняць флаг было даверана сярэбранаму прызёру мінулагодняга абласнога конкурсу, механізатару ААТ

Дзмітрый Ліпскі

“Даватарскі” Дзмітрыю Ліпскаму. Талковы і мэтанакіраваны малады чалавек не падвёў і на гэты раз, а праведзеная з ім дадатковая работа па падрыхтоўцы да абласнога конкурсу прынесла жадаемы эфект — з вялікім адрывам ад сапернікаў ён ізноў заваяваў перамогу. У Дзмітрыя — першае месца па тэарэтычнай падрыхтоўцы (92 правільныя адказы са 100). Падрыхтоўку машынна-трактарнага агрэгата да ворыва ён правёў за 7 хвілін, рэзультат іншых канкурсантаў — ад 11 да 22 хвілін. На ворыве Дзіма Ліпскі таксама стаў безагаворачным лідарам. Нам толькі застаецца пажадаць яму поспехаў на аналагічным абласным конкурсе ў гэтым годзе.
Сярэбраным прызёрам конкурсу стаў Валерый Фёдараў з ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Трэцяе месца у Вадзіма Падобы з ААТ “Буеўшчына”.
Па выніках двух конкурсных дзён было вызначана і каманднае першынства сельгаспрадпрыемстваў: восьмае месца — КУВСП “Гарадзец”, сёмае — КУВСП імя Маркава, шостае ААТ “Юдыцына”, пятае — ААТ “Княж”, чацвёртае — ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”, трэцяе — ААТ “Буеўшчына”, другое — ААТ “Жвіранка”. А лепшыя маладыя механізатары, як мы пераканаліся, працуюць у ААТ “Даватарскі”.
Ад імя арганізатараў конкурснай праграмы, хачу падзякаваць усім удзельнікам за актыўнае імкненне ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства.
Нізкі паклон вам, маладыя механізатары, за сумленную і складаную працу. Жадаю ўсім шчодрай залатой нівы, станоўчых эмоцый і нязгаснага імкнення рухацца наперад.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Фота Вольгі СТАШЭЎСКАЙ і Кацярыны СОСНЫ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *