Канферэнцыя раённага савета ветэранаў

Актуальное

старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава.
старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава.

На мінулым тыдні прайшла восьмая справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённага савета ветэранаў, на якой была прааналізавана работа дадзенай грамадскай арганізацыі за мінулыя пяць год, пераабраны яе старшыня, вырашаны шэраг іншых пытанняў.
З асноўным дакладам выступіла старшыня раённай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава. У прыватнасці, яна паведаміла, што ўвесь гэты час раённы савет ветэранаў і яго прэзідыўм працавалі мэтанакіравана, планавалі і ўзгаднялі сваю дзейнасць з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Галоўнымі мэтамі ў справаздачным перыядзе з’яўляліся абарона пажылых людзей, працягненне іх да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці. На сённяшні дзень раённы савет ветэранаў складаецца з 32 пярвічных арганізацый, якія ўзначальваюць людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. У якасці прыкладаў Галіна Мікалаеўна прывяла работу пярвічак ААТ “Агратэхсэрвіс” (Р. І. Шпец і М. С. Ляўшыцкі), Шаркаўшчынскі кансервавы завод (Я. Ф. Кандраценка), цэнтральная раённая бальніца (Л. А. Грыцкевіч), аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (Я. Б. Чарвінская) і іншых. Многія з іх узнагароджаны за шматгадовую добрасумленную працу граматамі і падзякамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
За гэтыя гады раённы савет ветэранаў і пярвічныя арганізацыі прымалі актыўны ўдзел у самых разнастайных мерапрыемствах. Адной з галоўных падзей мінулага года стала святкаванне 70-й гадавіны Вялікай Перамогі. Былі распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і малалетніх вязняў. У ходзе падрыхтоўкі да юбілею гэтым катэгорыям насельніцтва ўручаны памятныя падарункі. Члены грамадскай арганізацыі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Немалаважнай складаючай работы раённага савета ветэранаў з’яўляецца наладжванне кантактаў, правядзенне сумесных сустрэч і мерапрыемстваў з аналагічнымі грамадскімі арганізацыямі з іншых рэгіёнаў. У мінулым годзе наш раён з культурнай праграмай наведаў народны клуб ветэранаў “Маналіт” Глыбоцкага гарадскога Дома культуры, які выступіў у сумесным канцэрце з самадзейнымі артыстамі Жукоўшчынскага сельскага клуба ў Алашках.
Адной з найважнейшых задач у рабоце арганізацыі з’яўляецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. На жаль, усё менш застаецца ў жывых сведкаў жудасных падзей 1941—1945 гадоў. Цяпер на тэрыторыі раёна пражываюць толькі 10 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш шматлікай катэгорыяй пажылых грамадзян з’яўляюцца ветэраны працы, якіх налічваецца ў раёне больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. Менавіта яны і займаюцца актыўнай работай, накіраванай на маральна-духоўнае, героіка-патрыятычнае выхаванне падлеткаў і моладзі ў нашым рэгіёне.
Кіраўніцтва і адміністрацыя шэрагу арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна не забываюць сваіх былых працаўнікоў, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Галіна Мікалаеўна са станоўчага боку адзначыла работу ў гэтым накірунку ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ДРБУ-131, ДБУ-26, ААТ “АСБ Беларусбанк”, ЦРБ, ААТ “Жвіранка”.
Ветэраны працы — удзельнікі творчых гурткоў і калектываў мастацкай самадзейнасці. Яны з вялікай ахвотай і інтарэсам наведваюць аматарскія аб’яднанні, якія працуюць на базе аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Пры раённым Цэнтры культуры створаны і працуюць народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак” і “Душэўная ўтульнасць”, большая частка ўдзельнікаў якіх — ветэраны працы. У аналагічным накірунку пабудавана і работа большасці ўстаноў культуры на сяле, у канцэртнай, выставачнай дзейнасці якіх ветэраны працы прымаюць самы актыўны ўдзел.
У снежні мінулага года было заключана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў, абласным камітэтам грамадскага аб’яднання “БРСМ” і абласным саветам ветэранаў. Яно прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ў пытаннях рэалізацыі мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў вайны і працы.
Далей у спрэчках выступілі старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, член прэзідыума раённага савета ветэранаў Лідзія Іванаўна Шаблоўская, старшыня раённага аб’яднання беларускай асацыяцыі малалетніх вязняў Ада Эльеўна Райчонак, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан. Пра сумесную работу з раённым саветам ветэранаў прысутным паведамілі першы сакратар райкама БРСМ Юлія Леанідаўна Протас і дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Вячаславаўна Прыстаўка.
Работа раённага савета ветэранаў прызнана здавальняючай. Выбраны склад савета арганізацыі, у які ўвайшлі 23 чалавекі, прэзідыум і рэвізійная камісія. Старшынёй раённага савета ветэранаў зноў стала Г. М. Філатава.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, які прыняў удзел у рабоце канферэнцыі, павіншаваў Галіну Мікалаеўну з пераабраннем на гэту пасаду, а таксама ўручыў ёй Ганаровыя граматы абласнога савета ветэранаў і раённага выканаўчага камітэта за плённую работу па развіцці ветэранскага руху, патрыятычнае і духоўнае выхаванне моладзі.
Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць” падарылі прысутным некалькі музычных нумароў, дзе гучалі добра знаёмыя і любімыя песні.
Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *