
Амаль ў самым пачатку першага месяца вясны ветэран педагагічнай працы Зоя Уладзіміраўна Талапіла адзначыла чарговы юбілейны дзень нараджэння. Адметная дата ў жыцці жанчыны стала добрай нагодай зноў сустрэцца са сваімі былымі калегамі па працы.
Зоя Уладзіміраўна ўсё сваё жыццё прысвяціла выхаванню юнага пакалення. Яшчэ ў юнацкіх гадах вырашыла, што будзе настаўніцай. І пасля заканчэння Германавіцкай сярэдняй школы паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава. А выкладаць вучням прадмет біялогіі вярнулася ў родныя мясціны — у Амбросенскую школу. Але не доўга там Зоя Уладзіміраўна працавала: у 1973 годзе ў іх з мужам Мікалаем нарадзіўся першынец — сын Сяргей. Неўзабаве маладая сям’я прыбавілася яшчэ на аднаго чалавека — на свет з’явіўся другі хлопчык Уладзімір.
Пасля дэкрэтнага водпуску Зоі Уладзіміраўне прапанавалі работу ў дзіцячым садзе № 3 гарадскога пасёлка. Там яна на пасадзе загадчыка дашкольнай установы і адпрацавала да самага выхаду на заслужаны адпачынак.
Жанчына захапляецца развядзеннем пакаёвых кветак. Гэты занятак дазваляе адпачыць сэрцам і душой, накіроўвае на светлыя думкі. Вялікай радасцю для юбіляркі з’яўляюцца яе дзеці. Заўсёды з ласкавай усмешкай Зоя Уладзіміраўна сустракае на парозе сваёй кватэры трох унукаў і ўнучку. Яны заўсёды чаканыя і жаданыя госці.
А ў дзень юбілею да Зоі Уладзіміраўны завіталі з віншаваннямі і падарункамі выхавальнікі з дзіцячага сада, з якімі яна працавала. Не абышлі ўвагай дзень нараджэння паважанай жанчыны старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Іванаўна Баговіч і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская. Яны шчырымі словамі павіншавалі Зою Уладзіміраўну з юбілеем, пажадалі трывалага здароўя, бадзёрасці і жыццёвай вытрымкі.
Сяргей РАЙЧОНАК