
12 кастрычніка адбылося пазачарговае выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. На нараду ў вялікую залу райвыканкама былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя інжынеры, галоўныя заатэхнікі, галоўныя ветурачы, галоўныя эканамісты сельгасарганізацый, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. На парадку дня разглядаліся наступныя пытанні:
1. Пастаноўка тэхнікі на зімовае захоўванне;
2. Завяршэнне сельскагаспадарчых работ (уздым зябліва, засыпка ў стабілізацыйны фонд);
3. Выкананне прагнозных паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі. Пастаноўка жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне;
4. Аб стане работы па аднаўленню статка грамадскага пагалоўя жывёлы за 9 месяцаў 2011 год;
5. Аб працы ветэрынарнай службы раёна;
6. Аб эканамічных паказчыках работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна (фінансавы стан, сабекошт прадукцыі, рэнтабельнасць продажу і г. д.);
7. Аб рабоце па закупу малака ў насельніцтва, выкананне задання па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы, у тым ліку за межамі раёна;
8. Справаздача дырэктара ААТ “Юдыцына” В. І. Ляснеўскага аб стане работы ў жывёлагадоўлі.
З дакладамі па названых пытаннях выступалі кіраўнікі, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама гаспадарак.
Другая частка пасяджэння райвыканкама — знаёмства са станам спраў на месцах. Удзельнікі нарады пабывалі на сельгасаб’ектах ААТ “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс”.
На жывёлагадоўчых фермах Пятровічы і Пялікі прысутныя ўбачылі, як

вядзецца рэканструкцыя названых аб’ектаў. Каментарыі даваў дырэктар ААТ “Даватарскі” С. В. Струй. На ферме Глісцёнкі спецыялісты азнаёміліся з перавагамі ўтрымання бычкоў на свежым паветры.
Умовы ўтрымання жывёлы дэманстраваліся ўдзельнікамі нарады на ферме Галінова (ААТ “Агратэхсэрвіс”).
Па ходу пасяджэння раённага выканаўчага камітэта тлумачэнні давалі спецыялісты. Сваё меркаванне выказваў старшыня райвыканкама М. В. Морхат. Кіраўнік раёна патрабаваў, каб спецыялісты больш адказна адносіліся да справы. Гэта тычыцца інжынернай службы — тэхніка павінна быць належным чынам падрыхтавана да пастаноўкі на зімовае захоўванне. Ёсць шмат заўваг да працы ў галіне жывёлагадоўлі — пачынаючы ад работнікаў ферм, заканчваючы кіраўнікамі гаспадарак. Мечыслаў Віктаравіч адзначыў нездавальняючыя тэмпы рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм.
Увогуле, кіраўнік раёна заявіў, што трэба ўзмацніць кантроль за дысцыплінай на працоўным месцы. Вельмі важна, каб кожны работнік добрасумленна выконваў уласныя абавязкі. Спецыялісты жывёлагадоўлі павінны дзейнічаць у звязцы. Гэта тычыцца і гаспадарак, і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Абавязкова трэба папаўняць веды, браць на ўзбраенне новыя, перадавыя тэхналогіі. На кожнай ферме, у кожнай гаспадарцы неабходна праводзіць крытычны аналіз працы: што зроблена, чаму такія паказчыкі, што можна змяніць да лепшага. Харчаванне жывёлы павінна быць збалансаваным, а таксама разлічвацца канкрэтная норма корму на адну галаву.
Такім чынам, па словах М. В. Морхата, спецыялістам гаспадарак трэба сканцэнтраваць усе намаганні для таго, каб павялічыць надоі, прывагі. Галоўнае — кармоў хапае. Таму трэба ўсім працаваць належным чынам.
Аляксандр БАРЫЛА
