А цяпер тут пануе цішыня. Усё больш і больш сельскіх школ трапляе ў разрад неперспектыўных

Молодежь

маўкліва стаіць будынак Амбросенскай базавай школы

Так атрымалася, што ў пачатку верасня трапіла на малую радзіму ў Амбросенкі. Побач з месцам, дзе жыла, школа. Бывала, колькі гоману, смеху, весялосці было 1 верасня каля будынкаў школы. За лета загарэлыя, поўныя сіл і энергіі дзеці напаўнялі сваім гоманам класы. У час перапынку гурбой выбягалі на вуліцу і гарэзе не было канца. Званіў званок, і пачынаўся ўрок. І для бацькоў гэты дзень лічыўся своеасаблівым святам.
А сёлета панавала поўная цішыня. Не верылася, што Амбросенскай базавай школы больш не існуе, што ўжо не прымае дзяцей і школьны званок тут не празвінеў.
Сумная тэндэнцыя назіраецца як і па ўсёй рэспубліцы, так і ў нашым раёне. А ўсё таму, што з кожным годам змяншаецца колькасць школьнікаў. Сёлета з-за малой напаўняльнасці, з мэтай аптымізацыі і эканоміі бюджэтных сродкаў ліквідаваны, акрамя названай, Слабадская сярэдняя і Васюкоўская базавая школы.
У разрад неперспектыўных сельскія школы трапілі з-за крытычнага змяншэння колькасці дзяцей. З гадамі колькасць вучняў зменшылася настолькі, што настаўнікаў і абслугоўваючага персаналу стала больш, чым дзяцей.
Кіраўніцтва раёна прыняло рашэнне закрыць названыя школы, а дзецям і іх бацькам прапанавана прадоўжыць навучанне ў суседніх вёсках.
Для зручнасці дзяцей і настаўнікаў памяняліся расклады руху некаторых аўтобусаў. Педагогі з работай ужо вызначыліся. Але ў многіх настальгія па тых месцах, дзе мабыць пачыналася працоўная біяграфія, а ў некаторых яна заканчвалася… Такое жыццё.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *