На базе Шаркаўшчынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі на працягу апошніх 5 гадоў паспяхова ажыццяўляе сваю дзейнасць клуб “Юны карэспандэнт”, заняткі ў якім праводзіць педагог дадатковай адукацыі і аўтар 7 кніг для дзяцей Ірына Аляксандраўна Тарбецкая. Асноўная задача аб’яднання па інтарэсах – дапамагчы таленавітым дзецям раскрыць свой творчы патэнцыял і рэалізаваць здольнасці.
У час заняткаў дзеці і падлеткі спрабуюць самастойна пісаць публікацыі для газет і часопісаў, раскрываючы пры гэтым тэмы, якія іх сапраўды цікавяць. Адначасова з гэтым яны вучацца быць камунікабельнымі і знаходзіцца ў цэнтры падзей, граматна і лаканічна выказваць свае думкі і проста сябраваць. Для многіх юных карэспандэнтаў іх клуб – гэта стартавая пляцоўка ў прафесію.
— Наш клуб наведваюць дзеці з 5 па 11 клас, у асноўным гэта вучні Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2,- адзначыла ў час нашай размовы Ірына Аляксандраўна Тарбецкая.- У бягучым навучальным годзе пераважную большасць наведвальнікаў складаюць пяцікласнікі, якія з такога яшчэ зусім юнага узросту пачынаюць знаёмства з цікавай і прэстыжнай прафесіяй журналіста, спрабуюць свае сілы ў якасці карэспандэнтаў пры напісанні невялікіх артыкулаў на розныя тэмы. Развіць свае здольнасці ім дапамагаюць шматлікія творчыя конкурсы, у якіх дзеці заўсёды актыўна ўдзельнічаюць. У іх ліку конкурсы і творчыя заданні, якія юным карэспандэнтам рознага ўзросту прапануюць часопіс “Рюкзачишка” і газета “Зорька”, конкурсы “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, “Пісьмо сабе 45-і гадоваму”,”За здаровы лад жыцця”, конкурс эпісталярнага жанру і г. д. Юнкоры нашага аб’яднання рэгулярна рыхтуюць спецвыпускі газеты, прысвечаныя святочным і памятным датам нашай краіны. Адзін са спецыяльных выпускаў газеты быў падрыхтаваны для наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў. Дзеці спрабуюць пісаць на розныя тэмы і вучацца пры гэтым правільна фармуляваць свае думкі. І гэта ўменне абавязкова спатрэбіцца кожнаму ў далейшым, ужо дарослым жыцці, нават калі дзіцяці і не стане журналістам. Трэба адзначыць і той факт, што ўсе нашы юныя карэспандэнты, якія сістэмна і мэтанакіравана рыхтаваліся да паступлення ў ВНУ на факультэт журналістыкі, у цяперашні час ужо з’яўляюцца студэнтамі гэтых навучальных устаноў і мы імі вельмі ганарымся.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.