Што неабходна для шчасця на сяле? Наша апытанне

Актуальное

Жыццё ў сельскай мясцовасці, безумоўна, мае свае перавагі. І тым не менш моладзь, пасля заканчэння вучобы і набыцця неабходнай адукацыі не спяшаецца вяртацца ў невялікія населеныя пункты, а імкнецца застацца ў горадзе. Што неабходна для шчасця на сяле? Якія праблемы хвалююць сучасную вясковую моладзь? З такім пытаннем мы звярнуліся да маладых жыхароў раёна, дзейнасць якіх звязана з працай у сельскай мясцовасці.
Дзмітрый ІВАНОЎ, настаўнік Лонскай БШ:
— У маладых людзей, якія прыходзяць працаваць у сельскую мясцовасць, ёсць магчымасць атрымаць ад гаспадаркі новы дом. І гэта, безумоўна, значны фактар для моладзі. Але ж адным жыллём на сяле добрага спецыяліста не ўтрымаць. Перш за ўсё вясковаму чалавеку патрэбна дастойная работа і адпаведная заработная плата. Немалаважна і тое, каб інфраструктура была развіта, каб кожны малады чалавек меў магчымасць цікава праводзіць свой вольны час, адпаведна густу і магчымасцям. Тады і праблема п’янства на сяле не будзе стаяць так востра.
Марына ФЁДАРАВА, першы сакратар райкама БРСМ:
— У цяперашні час кожнаму з нас неабходна стабільнасць. Маладыя людзі імкнуцца знайсці пастаяннае працоўнае месца, каб атрымліваць за сваю дзейнасць стабільную зарплату. Не апошнюю ролю пры ўладкаванні на працу адыгрываюць узаемаадносіны ў калектыве, падтрымка з боку кіраўніка і больш вопытных калег. Не аднойчы давялося пераканацца ў тым, што як сустрэнуць маладога спецыяліста ў калектыве, так ён і працаваць пачне.
На сяле зараз патрэбна сумленная, адказная, ініцыятыўная моладзь, якая ўмее працаваць і здольная прыкласці максімум намаганняў, каб ажыццявіць усе свае планы. Вельмі патрэбны сялу і маладыя сем’і, бо самае вялікае шчасце чалавека — гэта яго сям’я і дзеці. Хачу пажадаць маладым людзям, якія жывуць і працуюць на сяле, шчасця, гармоніі ў сям’і і на працы і стабільнасці.
Алеся ЧАРНЯЎСКАЯ, ветурач, спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ “Княж”:
— Праблеме замацавання моладзі на сяле ў нашай гаспадарцы надаецца асаблівая ўвага. Усе маладыя людзі, якія засталіся працаваць у сельскагаспадарчай вытворчасці, забяспечаны жыллём, ды і заработная плата ў маладых працаўнікоў сяла зусім нядрэнная. У вольны час (якога, на жаль, як і ў любога вясковага чалавека, не вельмі шмат) ёсць магчымасць наведаць Германавіцкі СДК, пагуляць у валейбол, більярд або тэніс.
Дзмітрый ЛІПСКІ, механізатар ААТ “Даватарскі”, пераможца абласнога конкурсу сярод маладых механізатараў:
— Жыццё вясковага чалавека ніколі не было простым, таму і не кожны малады чалавек згадзіцца працаваць у сельскай мясцовасці. Большасць юнакоў і дзяўчат, якія застаюцца ў нашых вёсках і аграгарадках, гэта мясцовыя жыхары, з дзяцінства прывучаныя да сельскай працы. У кожнага, вядома, свае праблемы і цяжкасці. Асабіста мне, дарэчы як і  іншым механізатарам, у летні перыяд даводзіцца працаваць без выхадных, вольнага часу амаль зусім не існуе. А больш увагі хацелася б удзяляць сям’і, двухгадоваму сыну. Зімой у гаспадарцы зарплата невялікая, і гэта таксама істотная праблема для большасці маладых сем’яў на сяле.
Анастасія БЯСПАЛЬЧЫК, вучаніца 9 класа Каўшэлеўскай БШ:
— Першачарговая задача для мяне — паспяхова закончыць школу, паступіць у тую навучальную установу, якую я сабе запланавала, і атрымаць цікавую і запатрабаваную прафесію. Я, як і большасць маіх аднакласнікаў, не супраць вярнуцца на працу ў вёску, але хацелася б, каб жыццё вясковага чалавека змянілася ў лепшы бок. Карэнныя змены пакуль што бачны толькі ў аграгарадках, а на сяле праблем па-ранейшаму хапае. Прадастаўленне жылля, належныя бытавыя ўмовы, безумоўна, дапамогуць затрымаць моладзь на сяле. Але першае, на што спецыялісты звяртаюць увагу, гэта работа і дастойная заработная плата.
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *