Знаёмцеся — Света Клімза! У свае 11 год яна спявае, піша вершы і паспявае выдатна вучыцца

Молодежь

Здольнасці чалавека раскрываюцца яшчэ ў дзяцінстве, калі маленькі чалавек, з уласцівай толькі яму цікаўнасцю і непасрэднасцю, імкнецца пазнаваць свет.
Вучаніца 6 “Б” класа Шаркаўшчынскай СШ № 1 Святлана Клімза — адна з самых актыўных удзельніц не толькі школьных, але і многіх раённых мерапрыемстваў. Гэту творчую і энергічную дзяўчынку з лагоднай усмешкай і пазітыўнымі адносінамі да жыцця неаднойчы можна было ўбачыць на сцэне раённага Дома культуры. У свае адзінаццаць год Святлана уваходзіць у склад народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Яе вершы публікаваліся не толькі ў нашай раённай газеце, але і на старонках некаторых рэспубліканскіх перыядычных выданняў. Акрамя гэтага Света сама спрабуе пісаць песні. У гэтым годзе дзяўчынка заваявала перамогу ў літаратурным конкурсе “Мир без песен неинтересен”, арганізатарам якога выступіў дзіцячы рэспубліканскі часопіс “Качели”. У саставе тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” Святлана вучыцца спяваць і танцаваць. Яе выступленне на фестывалі дзіцячай і юнацкай творчасці “Каляровыя сны”, які адбыўся напачатку лета ў нашым гарадскім пасёлку, не засталося па-за ўвагай журы. Святлана ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “За лепшае выкананне песні на беларускай мове”. А самым запамінальным і хвалюючым, па словах самой дзяўчынкі, стаў удзел у конкурсе каляднай песні “Зорка Віфлеема”, які праходзіў, апошнім часам, у горадзе Міёры. На працягу двух гадоў юная спявачка з Шаркаўшчыны станавілася сярэбраным прызёрам фестывалю, і менавіта за перамогу ў гэтым конкурсе яна атрымала самы дарагі (пакуль што) у жыцці падарунак — новую гітару. Дзяўчынка імкнецца як мага хутчэй асвоіць гэты інстумент і з задавальненнем наведвае музычную школу.
На маё пытанне, як удаецца сумяшчаць такую вялікую колькасць розных захапленняў і пры гэтым мець выдатныя адзнакі па ўсіх школьных прадметах, Света дала наступны адказ:
— Я займаюся толькі тым, што мне вельмі падабаецца, таму і час для любімых спраў заўсёды знойдзецца.
З самага ранняга дзяцінства гэта дзяўчынка ўдумліва і адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, імкнецца з карысцю для сябе і акружаючых арганізаваць вольны час. І пры гэтым вучыцца правільна размяркоўваць магчымасці, атрымліваць задавальненне ад жыцця, ад свайго дзяцінства, ад дзейнасці і вучобы. Згадзіцеся, у 11 год гэта не так ужо і мала.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



1 комментарий по теме “Знаёмцеся — Света Клімза! У свае 11 год яна спявае, піша вершы і паспявае выдатна вучыцца

  1. Талантливая девчонка!!!Гордость родителей,школы,всей Шарковщины. То ли еще будет!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *