Дзіця ў сям’і — дапаўненне, абагачэнне жыцця двух людзей, звязаўшых сябе ў шлюбе. Дзеці прыносяць радасць і клопат, якія расшыраюць каханне, робяць яго больш глыбокім між мужам і жонкай, больш асэнсаваным і чалавечным. А як жа адчувае сябе дзіця ў сям’і?
Фарміраванне асобы дзіцяці — гэта двухбаковы працэс, у якім бацькі, выхоўваючы сваіх дзяцей, выхоўваюцца самі. Сямейная сітуацыя, якую бацькі ацэньваюць як станоўчую ці адмоўную, можа зусім інакш успрымацца дзецьмі. I калі бацькам сапраўды хочацца дапамагчы дзіцяці ў складаным шляху станаўлення, неабходна паставіць перад сабой няпростую задачу —даведацца, якім дзіця бачыць навакольны свет, сям’ю, сябе. Тады многія з нявырашаных праблем вашага дзіцяці стануць больш зразумелымі і празрыстымі.
Дзіця — гэта не проста аб’ект выхавання, але і чалавек, які мяркуе, адчувае, своеасабліва абагульняе свой жыццёвы вопыт, выбірае, як паводзіць сябе і якім быць.
Свет не аднолькавы для кожнага з нас. Тым больш для дарослых і дзяцей, і асабліва, калі мы назіраем складаныя і шматбаковыя адносіны паміж людзьмі, абставіны жыцця сям’і. Вашы дзеці і вы далёка не аднолькава ўспрымаеце іх.
Часта мы проста не заўважаем ці з паблажлівай усмешкай адносімся да своеасаблівых выказванняў дзяцей, бачачы ў іх мілыя бязглуздзіцы ці выпадковыя спалучэнні неспалучаемага. Тым не менш, за гэтымі выказваннямі хаваецца ўнікальнае, іншае, дзіцячае ўспрыняцце свету. Разабрацца ў дзіцяці, у прычынах яго паводзін можна толькі зразумеўшы, як яно ўспрымае тое, што адбываецца навокал.
Прычынай таго, што дзеці ўспрымаюць навакольны свет інакш, з’яўляецца не толькі абмежаваны жыццёвы вопыт, але і своеасаблівая структура іх мыслення. Напрыклад, дзіця дашкольнага ўзросту схільна аб’ядноўваць з’явы, не звяртаючы ўвагі на наяўнасць ці адсутнасць рэальнай сувязі паміж імі.
Робяць яны гэта на падставе ўзнікшага падабенства, прысутнасці аналагаў, супадзення ў часе. Памятаеце дзіцячую песеньку: «Улитка, улитка, высунь рога, дам тебе конфетку и пирога…» Дзеці ніколькі не сумняваюцца, што менавіта іх песенька прымушае слімака вылезці са сваёй хаткі, а не проста сам слімак вылязае праз пэўны час. Гэтак жа і трохгадовае дзіця пераканана, што менавіта яго плач прымушае маці вярнуцца дамоў, а не яна сама, зрабіўшы пакупкі ў магазіне, паспяшалася дахаты. Дзеці робяць свае заключэнні на падставе асобных, нават выпадковых і не існуючых прыкмет…
Сям’я — адзіны арганізм. Парушэнне эмацыянальнага стану дзіцяці, яго дрэнныя паводзіны, як правіла, з’яўляюцца сімптомамі іншых сямейных “хвароб”. Самая добрая прафілактыка — аздараўленне, наладжванне ўзаемаадносін паміж мужам і жонкай, вырашэнне ўласных праблем. Яны не ізаляваны, а прама ўплецены ў вашы адносіны з дзіцяці. Вашы сямейныя і ўласныя праблемы не толькі ваша асабістая справа, але і важны фактар развіцця асобы дзіцяці.
Будзьце больш уважлівымі да сваіх дзяцей і іх патрэб. Знаходзьце час паразмаўляць, высветліць незразумелае для дзіцяці, будзьце прыкладам на яго жыццёвым шляху, навучыцеся глядзець на жыццёвыя падзеі яго вачамі.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК
