
17—18 кастрычніка ў Мінску прайшоў другі з’езд грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Ад нашага раёна ў складзе абласной дэлегацыі былі пісьменнік Міледзі Кукуць і аўтар гэтых радкоў.
Урачыстасць праходзіла ў глядзельнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На ёй прысутнічалі звыш 440 творчых людзей з розных куткоў нашай краіны. З’езд пачаў сваю работу з унясення пад гукі марша сцяга арганізацыі. Затым было зачытана прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім было адзначана, што “…мастацкае слова адыгрывае вялікую ролю ў грамадстве. Кніга — гэта не толькі крыніца пазнання свету, але і мудры выхавальнік, нястомны настаўнік. Таму дзяржава будзе заўжды спрыяць дзейнасці пісьменнікаў…”
Са справаздачным дакладам аб праведзенай рабоце пісьменніцкай арганізацыяй рэспублікі за прайшоўшыя пяць гадоў, выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на тое, што многія сучасныя пісьменнікі не ўмеюць працаваць у Інтэрнэце, у большасці з іх няма ўласных інтэрнэт-сайтаў. “Гэта вострая праблема. У Інтэрнэце літаратары могуць выказваць свае меркаванні па таму ці іншаму пытанню, выступіць з крытычнай заўвагай”, — сказаў старшыня СПБ.З дакладамі выступалі старшыні абласных грамадскіх аб’яднанняў “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і шмат іншых дэлегатаў з’езда.
Асаблівая ўвага была звернута на падтрымку дзяржавай маладых літаратараў. Дарэчы,на наступны год Саюз пісьменнікаў заснаваў для іх 10 прэмій у розных жанрах.

Асабліва цёплыя словы ў адрас творчых людзей і ў цэлым пра нашу краіну былі выказаны прадстаўнікамі дэлегацый з Расіі, Чэхіі, Сербіі, Чарнагорыі, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Украіны і іншых. А выступленне сакратара пісьменніцкай арганізацыі Азербайджана Чынгіза Абдулаева зала слухала стоячы. Бо яно было цалкам прасякнута любоўю да нашай краіны. У яго словах гучала абурэнне да тых расійскіх СМІ, якія імкнуцца пасварыць два брацкія народы, што стварылі разумны Саюз! “Беларусы — самыя добразычлівыя і велікадушныя людзі, — заключыў выступаючы.
А для мяне з’езд пакінуў добрыя ўраджанні ад сустрэчы з пісьменнікамі — рэдактарамі часопісаў “Полымя” Міколам Мятліцкім, дзіцячага “Вясёлка” Уладзімірам Ліпскім, у гады сваёй маладосці працаваў настаўнікам у нашых мясцінах і цікавіўся знаёмымі людзьмі адзін з аўтараў беларускага гімна, пісьменнік-песеннік Уладзімір Карызна, і з многімі іншымі творцамі.
На другі дзень з’езд выбраў свае кіруючыя органы. Старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі застаўся Мікалай Чаргінец. Яго сакратарамі абраны Генадзь Пашкоў і Георгій Марчук.
Перад заключным словам старшыні Саюза, на сцэне філармоніі выступілі знакамітыя артысты: Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Саладуха, Алег Елісеенка, Ірына Дарафеева і іншыя.
Такі вялікі форум натхніў нас на яшчэ большую творчую працу, якая б прыносіла плён нашаму грамадству.
Кацярына СОСНА
