
Памятаем, як у мінулым годзе аграрыі КУВСП “Гарадзец” першымі ў раёне пачалі сяўбу яравых зерневых. Было гэта 17 сакавіка. Вось і сёлета работнікі гаспадаркі адначасова з сейбітамі ААТ “Жвіранка” і “Ельня-Агра” далі старт пасяўной кампаніі 2016 года.
— У нашым сельгаспрадпрыемстве пачалі сеяць 6 красавіка, — кажа галоўны аграном Святлана Гараніна. — Веснавое сонца цалкам высушыла палеткі ў аддзяленні Верацеі, больш чым напалову ў Гарадцы і Дворнаве. Землі ў нас прыкладна на 70 працэнтаў пясчаныя, таму і спяшацца трэба з сяўбой, каб не ўпусціць час і не страціць вільгаць з глебы. Фронт работы досыць вялікі. Восенню не атрымалася ўзняць зябліва на плошчы 2.082 гектары. Таму ўзорваннем займаемся цяпер. Сёлета трэба пасеяць 2.000 га ячменю, 280 — зернебабовых культур, 200 — кукурузы, 50 — бульбы, 10 — гародніны, 500 — рапсу. На трохсотгектарнай плошчы ў нездавальняючым стане выйшаў з зімоўкі азімы рапс. Гэтыя плошчы культывіруем і перасяваем яравым рапсам. Яго сяўбу вядзе на МТЗ-3022 у счэпе з АПП-6А механізатар Юрый Урублеўскі. Восенню пасеяна 710 га азімых зерневых і 340 га на зялёны корм. Азімыя трыцікале і жыта пасля зімы знаходзяцца ў выдатным стане, у крыху горшым — пшаніца. Наогул, прыкладна палову плошчаў, адведзеных на зялёны корм, будзем пераводзіць у зерневую групу з-за іх добрай перазімоўкі.
Актыўным фронтам ішла работа 7 красавіка па культывацыі глебы ў Верацеях. Каля свінагадоўчага комплексу вялося баранаванне пашы. У цэнтральным аддзяленні, за Лужкамі, рыхтавалі глебу і вялі сяўбу рапсу. На суседнім полі зборам камянёў займаліся работнікі мясцовага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Культывацыю 80-гектарнага поля і сяўбу праводзілі каля вёскі Уліна. Тут загортвалі насенне ячменю ў глебу механізатары Аляксандр Морхат і Яўгеній Агрызка на трактарах у счэпе з сеялкамі “Лемкен” і СЗТ-5,4.
За якасцю работ на ўсіх палетках пільна сочаць галоўны аграном Святлана Гараніна, брыгадзіры Таццяна Крыўко і Станіслаў Морхат. Дарэчы, сваім работнікам яны давяраюць цалкам, бо кожны добра ўсведамляе, што веснавы дзень год корміць.
Сяргей РАЙЧОНАК.

