
26 красавіка адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, на якім абмеркавалі вынікі работы жывёлагадоўлі ў сакавіку 2016 года, завяршэнне стойлавага ўтрымання жывёлы і задачы па яе пераводу на летне-пашавае ўтрыманне. На пасяджэнні прысутнічалі кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы сельскагаспадарчых арганізацый, заатэхнікі і ветурачы аддзяленняў. На пасяджэнні прысутнічаў дырэктар Віцебскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Ілья Анатольевіч Дароўскіх. З дакладам па асноўным пытанні выступіў першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Юрый Георгіевіч Лабуць. У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў сакавіку бягучага года вытворчасць жывёлы жывой вагой склала 91,3 працэнта, у тым ліку 85,4 працэнта — вырошчванне буйной рагатай жывёлы. Вытворчасць малака забяспечана на 110,2 працэнта, прадукцыйнасць дойнага статка — на 282 кілаграмы, што на 30 кілаграмаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таварнасць малака склала 87,1 працэнта. Валавая вытворчасць малака ў даільных залах забяспечана на ўзроўні 101—131 працэнт. Рэалізацыя малака гатункам “экстра” склала 61 працэнт. Ад агульнай рэалізацыі жывёлы на мясакамбінаты рэалізавана 54 працэнты. Сярэднесутачныя прывагі буйнай рагатай жывёлы склалі 433 грамы, што на 58 грамаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, свіней — 216 грамаў.
Колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы забяспечана на ўзроўні 98,8 працэнта па стане да 1 красавіка 2015 года, пагалоўе кароў захавана на ўзроўні 100,7 працэнта, пагалоўе свіней налічвае 3760 галоў, што на 3276 галоў больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года.
У сакавіку 2016 года атрымана 1270 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы, злучана 997 галоў матачнага пагалоўя, расцялілася 1371 галава кароў і цялушак. Непрадукцыйнае выбыццё цялушак склала 27 працэнтаў. Наяўнасць цёлак адносна кароў забяспечана на ўзроўні 105 працэнтаў. Падзеж буйной рагатай жывёлы за справаздачны перыяд склаў 42 галавы, забой буйной рагатай жывёлы — 153 галавы.
У час пасяджэння было адзначана, што недастаткова хутка праводзяцца работы па падрыхтоўцы пераводу жывёлы на летне-пашавае ўтрыманне.
Для аграрыяў нашага рэгіёну выязная форма работы стала ўжо традыцыяй. А таму у другой, практычнай частцы пасяджэння, яго ўдзельнікі наведалі малочна-таварную ферму “Зорка” ААТ “Ельня-Агра”, дзе азнаёміліся з умовамі кармлення дойнага статку і выпасу кароў на тэрыторыі побач з фермай, тэхналогіямі ўтрымання і кармлення цялят да 20-ці дзён і цялят на дарошчванні, атрыманнем малака гатункам “экстра” і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Удзельнікам пасяджэння таксама была прадэманстравана новая ўстаноўка па абразанні капытоў у буйной рагатай жывёлы.
Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч, які вёў пасяджэнне, паставіў шэраг канкрэтных задач перад кіраўніцтвам, заатэхнічнымі і ветэрынарнымі службамі гаспадарак па вырашэнні шэрагу ўзнятых пытанняў і выпраўленні недахопаў, якія маюць месца. Асаблівая ўвага кіраўніка раёна была звернута на тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, ад якіх напрамую і залежыць павышэнне якасці і павелічэнне аб’ёмаў у жывёлагадоўчай галіне.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ

